Шчасце ці грошы? Бізнесоўцы забаўляюцца


У Менску адбыўся паядынак кіраўнікоў «Шчасце vs Грошы», у якім узялі ўдзел вядомыя бізнесоўцы і топ-менеджары. Ён стаўся завяршальным акордам VII міжнароднай бізнес-канферэнцыі «Топ-менеджмент: разумныя грошы».

На своеасаблівы рынг выйшлі прадстаўнікі бізнесу, якія ў гарачай спрэчцы адстойвалі свае пункты гледжання. Лагер «Шчасце» прадстаўлялі генеральны прадстаўнік нямецкай кампаніі «WÄLLER-System-Registraturen» у Расеі, Украіне і Казахстане Андрэй Леўчанка (Кіеў) і адзін са стваральнікаў кампаніі «Дайнова» Адам Палюховіч (Менск). За лагер «Грошы» выступалі суўласнік пяці сталічных рэстаранаў і бараў Вадзім Пракоп’еў і намеснік генеральнага дырэктара ў эканамічных пытаннях ЗП «Велком» Дзяніс Філазафовіч (Менск).

«Шчасце – слова пафаснае, – заўважыў Вадзім Пракоп’еў, – а я ў сваім жыцці заўсёды спрабаваў пазбегчы пафасу».

З ім рашуча не пагадзіўся Адам Палюховіч: «У рэальным жыцці я не раз сабе казаў: ты шчаслівы! Нават тады, калі ў мяне ўзнікалі ці не развязваліся праблемы, нават тады, калі не было грошай. А такое здаралася – калі не ставала элементарных грошай і даводзілася эканоміць на дробязях. Даказваць жа, што шчасце важнейшае за грошы, не лічу магчымым – гэта аксіёма».

Пакуль ламаліся коп’і ў інтэлектуальнай бітве, Сяргей Гусакоўскі, кіроўны партнёр кампаніі «Ключавыя рашэнні», якая выступала арганізатарам канферэнцыі, падзяліўся з журналістамі: «Наш паядынак кіраўнікоў прысвечаны вечнай спрэчцы: што важнейшае – быць шчаслівым чалавекам ці зарабляць грошы, жыць для таго, каб іх рабілася больш?»

На пытанне, а ці можна быць багатым і шчаслівым адначасова, Гусакоўскі адказаў: «Насамрэч, чалавек мусіць быць шчаслівым у той момант, калі ён вельмі ясна разумее, колькі грошай яму трэба. Ён адчувае сябе шчаслівым, бо яму дастаткова часу і думак, каб не думаць пра грошы».

belsat.eu

Стужка навінаў