\tНякляеў: Калі Лукашэнка пераможа, кінем сілы на парламенцкую кампанію


Такі сцэнар Уладзімір Някляеў разглядае як альтэрнатыву “плошчы”.

Калі Аляксандр Лукашэнка застанецца пры ўладзе пасля прэзідэнцкіх выбараў, кампанія “Гавары праўду!” плаўна пераключыць свае сілы на рыхтаванне да выбараў парламенцкіх. Пра гэта лідар кампаніі, кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, заявіў на сённяшняй прэс-канферэнцыі па выніках візіту ў Чэхію і Польшчу.

“Усе кіраўнікі нашых штабоў – сёння іх 35 па Беларусі, а будзе болей, да 50 – стануць кандыдатамі ў дэпутаты беларускага парламенту. Гэта таксама ў адказ на тое, што некаторыя нас лічаць упёртымі толькі ў плошчу, нібыта ніякіх іншых сцэнараў і выйсцяў з гэтай сітуацыі мы не бачым. Калі нам не ўдасца перамагчы 19 снежня, мы пойдзем гэтым шляхам”, – сказаў Уладзімір Някляеў.

Ён таксама заявіў, што ніякіх кулуарных дамоўленасцяў паміж Еўразвязам і Аляксандрам Лукашэнкам адносна правядзення прэзідэнцкіх выбараў не існуе. Ён распавёў, што падчас тыднёвага візіту сустрэўся з больш як 50 чыноўнікамі ЕЗ з гэтых краінаў, з прэсаю, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, бізнесоўцамі, аналітыкамі, дзеячамі культуры.

Сустрэчы былі выкліканыя нядаўнімі візітамі ў Беларусь міністраў замежных справаў Нямеччыны і Польшчы – Гвіда Вэстэрвэле і Радослава Сікорскага. Падчас сустрэчаў Някляеў пераконваў еўрапейскіх чыноўнікаў, што надзеі на “дэмакратызацыю Лукашэнкі за 3 млрд еўраў – марныя”.

“Ужо сёння бачна, што Лукашэнка імітуе дэмакратычныя выбары. Таксама ён будзе маскаваць пад дэмакратыю і іншыя працэсы”, – заявіў кандыдат.

Уладзімір Някляеў не ўпэўнены, што ягонай камандзе ўдасца правесці экзіт-полы так, “як яны праводзяцца на дэмакратычных выбарах”. Але абяцаў зрабіць усё, каб рэальная карціна на выбарах была вядомая. Для правядзення экзіт-полаў вызначылі 300 выбарчых участкаў.

belsat.eu

Стужка навінаў