Уладзімір Роўда: Зняволенне Бяляцкага – гэта помста


«4,5 гады зняволення – гэта тое, чаго ад яго [Лукашэнкі] можна было чакаць. Бо ў той сітуацыі, якая склалася, Бяляцкі не ўяўляе з сябе ніякай пагрозы. Але ў Лукашэнкі ёсць такая рыса, як помста, ён заўсёды помсціць тым людзям, якія ўяўляюць для яго небяспеку. Бяляцкі таксама чамусьці трапіў у гэты спіс», – гэтак палітолаг Уладзімір Роўда пракаментаваў жорсткі прысуд Алесю Бяляцкаму.

Палітолаг таксама звязвае са справаю Бяляцкага падпісанне пагадненняў з Масквою ў энергетычнай сферы: «Гэта, несумненна, жахлівая з’ява. Гэта знак Захаду пра тое, што Беларусь рухаецца ва ўсходнім кірунку. І гэта такі своеасаблівы падарунак, які зрабіў Лукашэнка Расеі. Не проста так, а атрымаўшы адпаведныя абяцанні пра зніжэнне коштаў на газ на наступны год. Я думаю, ён дапусціў велізарную памылку».

Уладзімір Роўда скрытыкаваў заходнееўрапейскую палітыку ў дачыненні Беларусі: «Я думаю, Захад робіць толькі заявы, якія нам ужо надакучылі. Яны не могуць вызваліць людзей. На нейкія жорсткія крокі Захад не пойдзе, бо ў іх цяпер крызіс, у іх сваіх праблемаў хапае. Калі казаць пра Захад, я не маю на ўвазе ЗША. Яны заўсёды займалі больш жорсткую пазіцыю».

«Праваабаронцы не здолеюць перамагчы. Іхная задача – абараняць правы асобы. Задача перамагчы – гэта задача нашых палітыкаў, нашай палітычнай апазіцыі. Яна павінна аб’яднацца і не дэманстраваць нейкае змаганне, а сапраўды змагацца з гэтым рэжымам», – упэўнены палітолаг.

Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў праваабаронцу Алеся Бяляцкага вінаватым у злачынстве, прадугледжаным арт. 243 Крымінальнага кодэксу («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах») і прысудзіў яму 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

belsat.eu

Стужка навінаў