Любоў Кавалёва: Правасуддзе не мусіць выконваць ролі Бога


Маці падазраванага ў здзяйсненні тэракту ў менскім метро не верыць, што суд карае сапраўдных злачынцаў. І спадзяецца, што дзякуючы рэзанансу, які атрымала гэтая справа, удасца выратаваць жыццё Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.

“Пад маёй заяваю супраць смяротнага пакарання ўжо падпісаліся больш як 3000 чалавек. Людзі адгукнуліся актыўна. Таму, спадзяюся, неабходная колькасць подпісаў набярэцца”, – распавяла “Белсату” Любоў Кавалёва. Паводле жанчыны, вінаватасць падсудных не даказаная, бо пасля судовага працэсу пытанняў па-ранейшаму больш, чым адказаў.

“Справа пабудаваная на меркаваннях і на паказаннях, што Уладзіслаў даў пад ціскам падчас следства і ад якіх пазней у судзе адмовіўся”, – зазначае Любоў Кавалёва. Яна нагадвае пра неадпаведнасці ў справе, што былі агучаныя адвакатамі, пра вынікі экспертызы, якая не знайшла на адзенні ды слізніцы падазраваных слядоў выбухоўкі, а таксама пра тое, што ў судзе дэманстраваўся не сапраўдны запіс з камераў відэаназірання, а “копія копіяў”.

Любоў Кавалёва прызнаецца, што ёй не зразумела, чаму суд стаў на бок абвінавачання і адхіляў хадайніцтвы адвакатаў і пацярпелых. Жанчына расцэньвае як ціск на суд ўзнагароды, што былі ўручаныя “за раскрыццё злачынства” яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння выраку падсудным. Ціскам, паводле яе, ёсць і тыя сюжэты, што дэманструе пра ейнага сына і Дзмітрыя Канавалава беларускае тэлебачанне.

“Спачатку, калі ніякай інфармацыі, акрамя афіцыйнай, не было, шмат хто сапраўды паверыў, што мой сын і Дзіма здзейснілі гэтае злачынства. Дзякуючы незалежным журналістам, інтэрнэту людзі змаглі даведацца, як ішло следства – а потым і суд, і змаглі зрабіць свае высновы”, – зазначае Любоў Кавалёва. Жанчына гаворыць, што адчувае падтрыманне калегаў, суседзяў і знаёмых: “Суседзі ведаюць Улада дваццаць пяць гадоў і былі шакаваныя выстаўленымі яму абвінавачаннямі, а ягоныя сябры адмовіліся на замову следства абгаворваць майго сына”.

Любоў Кавалёва прысутнічала на ўсіх судовых паседжаннях. Бацькі яшчэ аднаго падсуднага, Дзмітрыя Канавалава, лёсам свайго сына нібыта не цікавяцца. “Зразумець такія паводзіны цяжка, але магчыма, мы проста шмат чаго не ведаем”, – разважае жанчына. Яна прыгадвае, як выпадкова сустрэла маці Дзмітрыя Канавалава яшчэ да суда. “Мы сутыкнуліся ў краме, яна тады шмат плакала, не верыла ў вінаватасць сына і баялася, што суд будзе закрыты. Потым да сям’і прыставілі ахову – і яе нібыта падмянілі. Я некалькі разоў спрабавала паразмаўляць з ёю, але яна маўчыць, не ідзе на кантакт”, – распавядае Любоў Кавалёва.

Жанчына гаворыць, што, паводле чутак, маці Дзмітрыя Канавалава запалохалі: маўляў, адкрыеш рот – застанешся яшчэ і без мужа ды старэйшага сына. “Ці так гэта, пацверджанняў у мяне няма, але і абвінавачанне майго сына грунтуецца на чутках”, – адзначае Любоў Кавалёва.

Жанчына прызнаецца, што амаль не верыць у справядлівасць правасуддзя. Але маленькая надзея ўсё ж застаецца. “Не мусіць правасуддзе браць на сябе функцыі Бога – пагатоў такое, як у нас”, – упэўненая Любоў Кавалёва.

Падпісацца супраць забойства Кавалёва і Канвалава можна тут

belsat.eu

Стужка навінаў