\tРыгор Кастусёў: Трэба перадаць зямлю ў прыватную ўласнасць


“Калі б чалавек быў уладальнікам зямлі ды ягоны дабрабыт залежаў ад эфектыўнасці выкарыстання гэтай зямлі, ад ураджайнасці, ад прыбаўлення жывёлы ў вазе, тады б чалавек працаваў лепей. А так таму ж самаму механізатару, у якога заробак не залежыць ад выніку, “да лямпачкі”, вырасце там што ці не”, – заявіў кандыдат на прэзідэнта Рыгор Кастусёў, каментуючы цяперашні стан сельскай гаспадаркі Беларусі.

Паводле палітыка, рыхтаванне кадраў для сельскай гаспадаркі нашмат горшае, чым у Нямеччыне ці Галандыі, і гэта – адна з прычынаў цяжкага стану гэтай галіны. “Я ведаю шмат прыкладаў, калі добрую замежную тэхніку неадукаваны, непадрыхтаваны беларускі механізатар проста выводзіў са строю, нават не разумеючы, што ён робіць, – кажа Рыгор Кастусёў. – Звярніце ўвагу, хто ідзе са школы ў сельскую гаспадарку. Часта бывае так, што той, хто нідзе больш не прыстроіўся на працу, застаецца ў сельскай гаспадарцы. Я не хачу пакрыўдзіць гэтых людзей, але для працы ў сельскай гаспадарцы трэба людзей рыхтаваць”, – падкрэсліў палітык.

Рыгор Кастусёў, што некалькі гадоў кіраваў саўгасам “Іскра” на Магілёўшчыне, падкрэслівае, што назіраецца пэўны прагрэс у сельскай гаспадарцы ў параўнанні з 1970-мі–1980-мі гг. “Безумоўна, з’явілася лепшая тэхніка. Але тэмпы гэтага прагрэсу ў тэхніцы больш высокія, чым тэмпы росту якасці падрыхтоўкі кадраў. І на вёсцы гэта цэлая праблема – калі прыходзіць новая складаная тэхніка, каму яе даць”, – кажа кандыдат.

Аднак палітык мяркуе, што перспектывы ў беларускай сельскай гаспадаркі ёсць. Для гэтага, на думку Рыгора Кастусёва, трэба перадаць зямлю ў прыватную ўласнасць. “Толькі чалавек, які будзе ведаць, што ягоны дабрабыт і жыццё будзе залежыць ад таго, што ён атрымае ў выніку ад гэтай зямлі… Толькі такі чалавек будзе працаваць добра і будзе працаваць адказна”, – падкрэсліў кандыдат на прэзідэнта.

belsat.eu

Стужка навінаў