Праваабаронцы: трэба выключыць Беларусь з АБСЕ


Гэта адзіная магчымасць паўплываць на ўлады Беларусі ў пытанні захоўвання правоў чалавека, лічыць прадстаўніца Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Аляксандра Матвяйчук.

“Прэцэдэнтаў такой працэдуры яшчэ не было, таму прапісанага алгарытму дзеянняў няма. Але мы плануем падняць гэтае пытанне на самым высокім узроўні. АБСЕ зарэкамендавала сябе як гнуткая структура, таму мы спадзяемся, што ў нас усё атрымаецца”, – заявіла праваабаронца падчас адмысловай прэс-канферэнцыі, прысвечанай абвяшчэнню прысуду віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (МФПЧ), старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму.

На меркаванне Аляксандры Матвяйчук, гэта адзіная магчымасць паўплываць на ўлады Беларусі, бо рэзалюцыі ды заявы, што прымаюць міжнародныя структуры, беларускі бок папросту ігнаруе.

Прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацыяў, якія ўдзельнічалі ў прэс-канферэнцыі, назвалі прысуд Алесю Бяляцкаму жорсткім, незаконным і палітычна матываваным. “У Беларусі шмат гадоў ствараліся ўсе ўмовы, каб выціснуць праваабаронцаў за прававое поле, каб зрабіць працу прадстаўнікоў трэцяга сектару немагчымаю”, – адзначыла даследчыца “Human Rights Watch” Юлія Гарбунова. Яна мяркуе, што працэс над кіраўніком “Вясны” быў паказны, бо прысуд Алесю Бяляцкаму вынеслі загадзя.

Кіраўніца аддзелу Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі МФПЧ Аляксандра Кулаева зазначыла, што судовы працэс нібыта быў адкрыты, але прадстаўнікі шасці праваабарончых арганізацыяў свету не змаглі на яго трапіць. Беларускія амбасады адмаўляліся выдаць ім візы з надуманых прычынаў, гаворыць Аляксандра Кулаева. Дакументы, што агучваў у судзе бок абвінавачання, паводле яе, былі атрыманыя незаконным шляхам, таму не маглі выкарыстоўвацца ў судзе.

Старшыня кіраўніцтва праваабарончага цэнтру “Мемарыял” Алег Арлоў, які адмыслова прыязджаў з Масквы на кожнае паседжанне над Алесем Бяляцкім, зазначыў, што доказная база ў справе цалкам адсутнічае: “Усе спробы схаваць палітычны падтэкст пад эканамічнымі абвінавачаннямі праваліліся. Вушы КДБ непрыхавана тырчаць са справы Бяляцкага”. Ён упэўнены, што працэс накіраваны супраць усяго праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Аднак, як зазначыў намеснік старшыні “Вясны” Валянцін Стэфановіч, як бы цяжка ні было, арганізацыя дзейнасці спыняць не збіраецца. І будзе дамагацца вызвалення Алеся Бяляцкага і чатырнаццаці палітзняволеных, што цяпер утрымліваюцца ў турмах краіны.

Як паведамілі праваабаронцы, заўтра ў гарадах Еўропы, у тым ліку і ў Парыжы, дзе знаходзіцца штаб-кватэра Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, пройдуць акцыі салідарнасці з Алесем Бяляцкім. Іх удзельнікі будуць патрабаваць “неадкладнага вызвалення без усялякіх умоваў” асуджанага беларускага праваабаронцы і астатніх палітвязняў.

belsat.eu

Стужка навінаў