Заўзятары пра БАТЭ: Нашыя хлопцы распанелі трошку...


Параза БАТЭ амаль пазбавіла беларусаў шанцаў трапіць у вясеннюю стадыю другога паводле значнасці еўракубка – Лігі Еўропы.

Учора, 23 лістапада, на менскім стадыёне «Дынама» барысаўскі БАТЭ правёў матч 5-а туру Лігі Чэмпіёнаў УЕФА супраць чэшскай «Вікторыі» з Пльзэню. Беларусы саступілі з мінімальным лікам 0:1. На 42-й хвіліне перамогу гасцям прынёс славак Марэк Бакаш.

Матч стаўся для галоўнага трэнера беларусаў велізарным расчараваннем. Пра гэта Віктар Ганчарэнка заявіў 23 лістапада на пасляматчавай прэс-канферэнцыі ў Менску. «Калі не забівае Брэсан, забіць няма каму. Трэба шукаць узмацненне атакі ў наступным сезоне», – заявіў ён. Ганчарэнку больш за ўсё турбуе тое, што каманда ідзе па слядах мінулага года, калі БАТЭ выдаў «змрочную канцоўку з серыі паразаў». Аднак трэнер спадзяецца, што БАТЭ «не наступіць на тыя самыя граблі».

Меркаванні заўзятараў БАТЭ наконт праведзенай гульні раздзяліліся. «Хлопцы – малайцы! Згулялі, як маглі. Вядома, яны будуць апраўдвацца, што поле было цяжкае і гэтак далей… Чэхі вельмі спадабаліся. Перагулялі нас, хутка бегалі. Ну, не пашанцавала. Значыць, будзем чакаць ад БАТЭ наступных перамогаў», – гаварылі адныя.

Іншыя былі менш аптымістычныя: «Вельмі хацелася футбольную вясну ў Менску, але, відаць, не атрымаецца пасля такой гульні. Вось такія ў нас уражанні».

А некаторыя аматары не хавалі свайго абурэння з таго, што адбываецца з барысаўскаю камандаю: «Што сказаць, другі раз у гэтым сезоне на…лі ў душу. Лічу, што БАТЭ сёння не хацеў перамагаць з адной простай прычыны – відаць, нашыя хлопцы распанелі трошку. Для іх, відаць, Ліга Еўропы ёсць другарадным турнірам. Гэтак сама, як Кубак Беларусі, гэтак сама, як і тая частка чэмпіянату Беларусі, што засталася».

Гэтая параза амаль пазбавіла беларусаў шанцаў трапіць у вясеннюю стадыю другога паводле значнасці еўракубка – Лігі Еўропы. Каб працягнуць сваю еўракампанію БАТЭ мусіць перамагчы каталонскую Барселону на «Кам Ноў» і спадзявацца на няўдачу «Вікторыі» ў матчы з «Міланам» у чэшскай сталіцы. «Трэба быць рэалістамі. Мы едзем да «Барселоны». Гэта найлепшая каманда свету. Тэарэтычна шанец ёсць, але выкарыстаць яго вельмі цяжка», – заявіў Ганчарэнка.

Барацьба за трэцяе месца засталася адзінай інтрыгай у групе «H» пасля перамогі «Барселоны» над «Міланам» з лікам 3:2. Тым самым іспанцы забяспечылі сабе першае месца, італьянцы засталіся другімі.

belsat.eu

Стужка навінаў