Малы памежны рух пачне дзеяць пакуль толькі з Латвіяй


Беларускае МЗС гаворыць, што ад дамоўленасцяў з Літвою ды Польшчаю нашая краіна таксама не адмаўляецца, але там “пакуль не адпрацаваныя ўсе механізмы”.

“Самая прасунутая стадыя рэалізацыі пагаднення – з Латвіяй. Праз некалькі дзён гэты механізм будзе запушчаны”, – адзначыў першы намеснік кіраўніка МЗС Ігар Петрышэнка на паседжанні камісіі міжнародных справаў і сувязяў з СНД Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Са словаў чыноўніка вонкавапалітычнага ведамства, як толькі краіны адпрацуюць механізм узаемадзеяння, пачнецца рэалізацыя пагаднення з Літвою. Што тычыцца Польшчы, то тут, паводле Ігара Петрышэнкі, “сітуацыя складанейшая”, бо “вы ж бачыце, як цяпер складаюцца справы з палякамі”. Што ён мае на ўвазе, чыноўнік не патлумачыў.

Пагадненне аб малым памежным руху прадугледжвае магчымасць бязвізавага перасячэння мяжы для тых, хто жыве за 30–50 км ад мяжы. Такія дамовы Беларусь падпісала з Літвою, Латвіяй ды Польшчаю. Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што парадак набыцця моцы дамоўленасцяў ёсць вынікам шанцавання, але не выключае і ўздзеяння палітычных матываў. Не здарма МЗС завастрае ўвагу на праблемах з польскім бокам. “У палітыцы ўладаў Беларусі даўно адкрыты гэтак бы мовіць “польскі фронт”. І тут актыўна выкарыстоўваецца такі метад уздзеяння, як “ах, вы такія, то і мы вам падкінем усялякіх праблемаў”, – зазначае эксперт.

Разам з тым Аляксандр Класкоўскі ўказвае на тое, што беларускі рэжым адрозніваецца ксенафобіяй і непрыманнем еўрапейскіх каштоўнасцяў. “Улада не надта зацікаўленая, каб грамадзяне болей ездзілі і пераконваліся, што ў суседзяў справы выглядаюць зусім не так, як распавядае беларускае тэлебачанне”, – зазначае ён. Палітолаг нагадвае, што згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі, найбольш крытычна да дзейных уладаў ставяцца менавіта тыя, хто мае магчымасць выязджаць у краіны Еўразвязу.

“Цалкам верагодна, што з гэтых прычынаў уступленне ў сілу дамоўленасцяў тармозіцца асэнсавана, хоць фармальна заўсёды можна знайсці нейкія зачэпкі”, – падсумоўвае эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў