Хапун у Крупках: зняпраўджванне Менаблвыканкаму


Упраўленне ўнутраных справаў Менскай вобласці адрэагавала на падзеі ў Крупках. Паводле мясцовых жыхароў, менскія міліцыянты зладзілі рэйд, у ходзе якога затрымлівалі ды збівалі тых, хто не спадабаўся сталічным праваахоўнікам.

Пра гэта кажуць і пацярпелыя, і сведкі падзеяў. Паводле ж версіі Менаблвыканкаму, у Крупскім раёне склалася цяжкая крымінагенная сітуацыя. З мэтаю прафілактыкі на дапамогу мясцовай міліцыі выслалі 11 менскіх аператыўнікаў. Прыбыўшы на месца, праваахоўнікі ўбачылі нецвярозага мужчыну з бутэлькаю піва ў руках, якога нібыта не пусцілі ў клуб. Не паспелі міліцыянты запрапанаваць яму высветліць справу на вуліцы, як грамадзянін пачаў пагражаць ім звальненнем з працы і сваімі сувязямі, у выніку чаго быў затрыманы.

У самым клубе на працаўнікоў міліцыі напаў нецвярозы мужчына, ударыўшы ўчастковага нагою ў твар. Пасля гэтага на хулігана надзелі кайданкі. Менаблвыканкам падкрэслівае, што гэта быў адзіны выпадак ужывання спецсродкаў.

Міліцыя затрымала некалькі дзясяткаў асобаў, сярод якіх нібыта быў нават грамадзянін з 3,3 г марыхуаны. Што адметна, анікога з затрыманых не абвінавацілі ў захоўванні наркотыкаў.

Менаблвыканкам адзначае, што “ніхто з грамадзянаў не апратэставаў у пракуратуры альбо ў вышэйшых інстанцыях адміністратыўнага штрафу або дзеянняў працаўнікоў міліцыі”. Матэрыялы незалежных медыяў у абвяржэнні называюцца “наглаю хлуснёю”, згадваюцца сведкі, якія пацвярджаюць версію міліцыі. На жаль, ніхто з іх не падзяліўся сваімі сведчаннямі са СМІ.

У сваю чаргу крупскія гледачы “Белсату” даслалі відэа, знятае мабільным тэлефонам, у якім збітых затрыманых падчас “прафілактычнага” рэйду вядуць у суд.

Праваабаронцы заклікаюць усіх пацярпелых і незаконна асуджаных звяртацца ў суд з абскарджаннем прысудаў. Праваабарончы цэнтр “Вясна” прапаноўвае сваю дапамогу ў напісанні скаргаў і заяваў на дзеянні міліцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў