Хто пераможа?


Услед за барысаўскімі камунальнікамі ды маларыцкімі даяркамі пра гатоўнасці абвесціць страйк заяўляюць і менскія прадпрымальнікі.

Старшыня грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка гаворыць, што настаўленыя яны вельмі рашуча.

“Прадпрымальнікі Чэрвеньскага рынку былі гатовыя распачаць страйк яшчэ ў мінулую суботу, але мы вырашылі не прыспешваць падзеі ды дзеяць згодна з прадугледжаным планам”, – паведаміў “Белсату” Анатоль Шумчанка. У плане – правесці сустрэчу з старшынём Менгарвыканкаму Мікалаем Ладуцькам і прадстаўнікамі кампаніі-забудоўніка «Дыдас Інтэрнэшнл Груп» (Іран), правядзенне перамоваў на базе Дэпартаменту прадпрымальніцтва з удзелам усіх зацікаўленых у вырашэнні пытання наконт рынку асобамі. Ад сённяшняга дня прадпрымальнікі, што працавалі на Чэрвеньскім рынку, абвесцілі перадстрайкавы стан, гаворыць Анатоль Шумчанка.

Канфлікт паміж прадстаўнікамі малога бізнесу і гарадскімі ўладамі, нагадаем, разгарэўся з-за таго, што зямлю, на якой месціцца Чэрвеньскі рынак, перадалі для будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтру замежнаму інвестару. Гарадскія ўлады неаднаразова абяцалі прадпрымальнікам даць новыя працоўныя месцы і нават пабудаваць адмыслова для іх рынак у мікрараёне Лошыца. Аднак у бюджэце сродкаў на будаўніцтва дагэтуль не знайшлося. Ісці працаваць на іншыя рынкі з-за вялікай арэнднай платы чэрвеньскія гандляры не пагаджаюцца.

“Гарадскія ўлады не выконваюць свае абяцанні, нас нахабна падманваюць. Дарэчы, ужо не ўпершыню. Шапікі прыбралі, зараз прыбіраюць і рынкі. Адчыняць кавярні ды крамы ў “пакрокавай даступнасці” прадпрымальнікам не даюць. Што гэта за адносіны да малога бізнесу?”, – абураецца лідар прадпрымальніцкага руху. Паводле Анатоля Шумчанкі, такое беззаконне характэрнае менавіта для сталіцы – мясцовыя ўлады аддаюць самыя хлебныя месцы замежнікам, а сваіх грамадзянаў пакідаюць без сродкаў на існаванне. “Такое ўражанне, што ў Менску прадпрымальнікаў імкнуцца вынішчыць як клас”, – зазначае ён.

Са словаў Анатоля Шумчанкі, існая сітуацыя не задавальняе і звычайных менчукоў. “Людзям таксама не спадабаецца, што замест міні-рынкаў ім прапануюць гіпермаркеты з атамнымі коштамі, паўсюль будуюць казіно. Грамадская думка на нашым баку”, – адзначае прадпрымальнік. Ён дадае, што ў хуткім часе пройдзе прэс-канферэнцыя, на якой падрабязна акрэсляць сітуацыю вакол рынку.

Старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч гаворыць, што шмат хто са звычайных беларусаў апынуўся ў становішчы, калі голад пачынае перамагаць страх. Доказам таму страйкі барысаўскіх камунальнікаў і даярак у Маларыцкім раёне. Прафсаюзны лідар мяркуе, што пасля новага года такіх выпадкаў стане значна болей, і страйкаваць ужо пачнуць не толькі дробныя, але і буйныя прадпрыемствы. “Але пакуль кожны будзе хвалявацца толькі за сваю кішэню, пакуль людзі не зразумеюць, што трэба аб’ядноўвацца і адстойваць не ўласныя, а агульныя інтарэсы, улады будзе з лёгкасцю гасіць гэтую незадаволенасць. А сама сістэма ні ў аплаце працы, ні, самае галоўнае, у стаўленні да людзей мяняцца не будзе”, – упэўнены Генадзь Фядыніч.

belsat.eu

Стужка навінаў