"Дажынкі" у Чавэса. Беларусаў чакае сяўба і аграгарадкі ў Венесуэле


У 2011 г. беларусы прыступілі да рэалізацыі першага праекту аграгарадка ў Венесуэле, у зоне Фунда ля Раана, штат Гўарыка. Першыя аб’екты плануецца здаць ужо ў 2012 г. Пра гэта намеснік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Марыніч паведаміў 23 лістапада на першым форуме «Беларусь–Венесуэла».

Марыніч таксама распавёў, што Беларусь атрымала прапанову запланаваць аграгарадкі яшчэ ў пяці раёнах Венесуэлы, станоўчае заключэнне наконт двух з іх ужо прынялі. «Бліжэйшым часам мы наведаем Венесуэлу і ўзгоднім нашыя дзеянні. Аграгарадкі будуюцца за інвестыцыйныя грошы венесуэльскага боку», – заявіў Марыніч.

Паводле яго, Беларусь і Венесуэла актыўна супрацоўнічаюць у галіне сельскай гаспадаркі. «З 4,5 тысяч гектараў, прыдатных для сельскай гаспадаркі ў Венесуэле, 1,5 тысячы беларусы плануюць засеяць у наступным годзе», – паведаміў чыноўнік.
Акрамя таго, паводле інфармацыі Марыніча, апошнім часам беларусы значна павялічылі колькасць паставак харчавання ў Венесуэлу. З 200 т прадуктаў на 900 тыс. долараў у 2007 г. пастаўкі ўзраслі да 9,5 тыс. т на суму 42,3 млн долараў за сем месяцаў 2011 г.

«Цяпер мы прапрацоўваем павелічэнне асартыменту. У 2012 годзе плануем пачаць пастаўкі сметанковага масла, абмяркоўваем пастаўкі дэмінералізаванай сыроваткі», – адзначыў намеснік міністра.

belsat.eu

Стужка навінаў