Гуляеў: Сённяшняя прапаганда і прапаганда да 80-х – блізняты


“У так званых партыйных медыях, як і цяпер у так званых дзяржаўных медыях, няма таго, што ва ўсім свеце завецца прафесійнаю этыкаю журналістаў. Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што там, дзе ёсць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, немагчымая прафесійная этыка”, – падкрэсліў старшыня камісіі этыкі Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гуляеў.

Адзін з інтэрнаўтаў апублікаваў праз сэрвіс Youtube праграму беларускага дзяржаўнага тэлебачання “Взгляд в мир. Права человека”. Гэты ролік выклікаў шквал абураных ды здзеклівых каментароў адносна тэндэнцыйнасці ды непраўдзівасці матэрыялаў праграмы. Напрыклад, паводле стваральнікаў праграмы, прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі – стаўленік ЗША, які мае разваліць Еўразвяз. Пры гэтым сённяшні стан з правамі чалавека і эканомікаю ў заходніх краінах апісваецца як катастрофа.

Тым часам пра Беларусь дзяржаўныя медыі распавядаюць як пра краіну без сур’ёзных праблемаў, а ўсе цяжкасці – часовыя і пераадольваюцца намаганнямі кіраўніка дзяржавы. Ці працуе падобная прапаганда? Анатоль Гуляеў лічыць, што ўжо не так эфектыўна. “Збіраецца патэнцыял, разуменне таго, што ўсе мы жывем дрэнна”, – гаворыць журналіст.

“Калі казаць з практычнага гледзішча, прапаганда да 1980-х і прапаганда цяпер – гэта браты-блізняты. Яны скіраваныя на тое, каб абслугоўваць улады і выконваць іхныя загады”, – дадае Анатоль Гуляеў.

belsat.eu

Стужка навінаў