У судзе над Бяляцкім зноў абвешчаны перапынак


Сённяшняе судовае слуханне ў справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага доўжылася каля пятнаццаці хвілінаў.

Паседжанне распачалося з допыту Бяляцкага, аднак той заявіў, што па-ранейшаму не прызнае сваёй віны і дадаць да ранейшых паказанняў нічога не мае.

Пасля гэтага суд задаволіў хадайніцтва адваката Дзмітрыя Лаеўскага аб далучэнні да матэрыялаў справы ліста з Нарвежскага Хельсінкскага камітэтк, у якім гаворыцца, што сродкі на рахункі Бяляцкага пералічваліся дзеля ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці, і не ёсць ягоным даходам.

Суддзя Сяргей Бандарэнка таксама задаволіў хадайніцтва пракурора Уладзіміра Сайкоўскага далучыць да матэрыялаў справы даведку з Міністэрства юстыцыі аб спробах рэгістрацыі праваабарончага цэнтру “Вясна” і даведку з інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў Першамайскага раёну Менску аб даходах падсуднага за 2009 г.

Затым адвакат папрасіў суд абвесціць перапынак да заўтра дзеля падрыхтоўкі да судовых спрэчак. Пракурор гэтае хадайніцтва падтрымаў, а суд – задаволіў.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі застаецца пад арыштам з 4 жніўня. Ён абвінавачваецца на падставе ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (хаванне даходаў у асабліва буйным памеры). Бяляцкаму пагражае пазбаўленне волі да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

На папярэднім пасяджэнні, 16 лістапада, пракурор зачытаў удакладненае абвінавачанне, згодна з якім Бяляцкі атрымліваў частку даходаў з грошай, што паступалі на ягоныя замежныя банкаўскія рахункі, у сувязі з выкананнем ім дамоўных абавязацельстваў. Раней абвінавачанне лічыла ўсе сродкі на рахунках Бяляцкага ў літоўскім і польскім банках ягоным даходам.

belsat.eu

Стужка навінаў