На сацыёлагаў выклікаюць міліцыю


У тым, што людзі баяцца ўдзельнічаць у апытаннях, сацыёлаг Таццяна Вадалажская вінаваціць не толькі ўлады, але і апазіцыю.

Аўтарытэтная служба Гэлапа прыводзіць звесткі: кожны чацвёрты беларус не пагадзіўся адказаць на пытанні сацыёлагаў пра свабоду прэсы. Гэта самы вялікі адсотак у свеце.

Гэта адбываецца нягледзячы на тое, што ў Беларусі сацыялагічныя даследаванні ліцэнзаваныя. «Былі выпадкі, калі людзі тэлефанавалі ў міліцыю, высвятлялі, ці сапраўды гэта Інстытут сацыялогіі, чаму ім задаюць такія пытанні… Я мяркую, што гэтая насцярожанасць падсілкоўваецца агульнай адхіленасцю ад палітыкі ў грамадстве», – гаворыць Таццяна Вадалажская.

Паводле эксперта, гэтаму спрыяе не толькі дзяржава, але і апазіцыя: «Ёсць такі мэсыдж: палітыка – гэта справа вельмі вузкага кола людзей, за палітыку адказваюць асобныя людзі, яны ў ёй разбіраюцца, усе астатнія не павінны туды лезці. І людзі стараюцца не лезці, асабліва не разумеючы, чым скончыцца іх «уключэнне ў палітычныя пытанні».

Таццяна Вадалажская заўважае, што людзі ўвогуле не прывыклі не толькі да сацыялагічных апытанняў, але і да любых формаў выказвання свайго меркавання. Яны прызвычаіліся, што ад іх пазіцыі нічога не залежыць. «Навошта нам гэта трэба?» – адказваюць яны на просьбу сацыёлагаў, якія вымушаны тлумачыць, што на меркаванні грамадзянаў будуць спасылацца палітыкі і на гэтай падставе прымаць рашэнні.

«Вядома, уладам нязручна мець альтэрнатыўны вобраз таго, што людзі думаюць, што яны кажуць. Звязана гэта з адсутнасцю вольных медыяў, напрыклад, або з іх невялікаю колькасцю. Тое самае і ў сацыялогіі. Там, на жаль (ці, можа, на шчасце), ёсць магія лічбаў. Вельмі часта ў даследаваннях лічбы ўжываюць у прапагандысцкіх мэтах, асабліва не паглыбляючыся ў тое, што яны насамрэч выражаюць. Таму проста з’яўленне новай лічбы выклікае адразу масу ўражанняў, узбуджэнняў. Нікому не патрэбныя – у сэнсе, з боку дзяржавы – лішнія альтэрнатыўныя варыянты асэнсавання сітуацыі ў краіне», – кажа Таццяна Вадалажская.

belsat.eu

Стужка навінаў