Варламава пратрымаюць пад вартаю да канца зімы


Працягнулі справу супраць вядомага беларускага мадэльера Сашы Варламава.

Яго будуць трымаць пад вартаю як мінімум да 19 лютага 2012 г. Мадэльера абвінавачваюць у незаконным зборы грошай з бацькоў, дзеці якіх былі мадэлямі. Варламаву інкрымінуюцца «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў» (два эпізоды), «махлярства» і «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».

20 траўня 2011 г. мадэльера ўзялі пад варту. “Спачатку Саша сядзеў у ізалятары на вул. Акрэсціна, пасля – у СІЗА на вул. Валадарскага. Абвінавачанне ў махлярстве з’явілася зусім нядаўна, у пачатку месяца – расказвае сястра Варламава Рыма Шымчанок. – У яго дрэнна са здароўем, было некалькі аперацыяў на хрыбце. Са сваім дыягназам ён мае трэцюю ступень інваліднасці, і, вядома ж, умоваў для паўнавартаснага лячэння там няма”.

Расейскія калегі з пачатку справы былі на баку Варламава. “Мне вядомыя толькі некалькі бескарыслівых конкурсаў і фестываляў. Сашаў “Млын моды” – у іх ліку. Мабыць, лепш, калі ў конкурсе ўдзельнічаюць бяздарныя дзеці багатых бацькоў», – казала акадэмік Нацыянальнай акадэміі індустрыі моды РФ Наталля Мізонава.

А вось салідарнасці з боку беларускіх калегаў Варламаў гэтак і не дачакаўся. “На мой погляд, там ёсць рэальнае эканамічнае злачынства, таму ён і сядзіць”, – сказаў вядомы мадэльер Іван Айплатаў.

belsat.eu

Стужка навінаў