Прадпрымальнікаў выганяюць на ўскраіну гораду


Чэрвеньскі рынак у Менску неўзабаве закрыюць. Тэрыторыя пяройдзе ў карыстанне іранскай кампаніі “Дыдас”. Тая мяркуе пабудаваць на месцы гандлёвых шэрагаў дзелавы і забаўляльны цэнтры. Прадпрымальнікі спрабуюць змагацца за сваё месца.

“Мы склалі зварот на імя Лукашэнкі. Нас амаль тысяча чалавек, таму мы спадзяемся, што наш голас пачуюць, – кажа адзін з падпісантаў, Сяргей Андрэеў. – Ад Менгарвыканкаму мы пакуль што чуем толькі парады змірыцца і пераехаць у Лошыцу, на ўскраіну гораду. Але што нам рабіць зараз? Пераязджаць проста няма куды”. Чэрвеньскі рынак месціцца літаральна за прыпынак ад чыгуначнага і аўтобуснага вакзалу Менску.

“Мы просім абсталяваць адкрытую пляцоўку для размяшчэння ўсіх арандатараў Чэрвеньскага рынку, што дасць магчымасць жыхарам блізкіх тэрыторыяў і надалей рабіць звыклыя пакупкі, нам – не павялічваць кошт тавару і паслуг, у выніку бюджэт Менску пацягне мінімальныя выдаткі, – гаворыцца ў масавым звароце прадпрымальнікаў. – Няўжо арандатары Чэрвеньскага рынку за 20 гадоў бездакорнай працы не заслужылі павагі гарадскіх уладаў?”

Старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька паабяцаў, што рынак у Лошыцы будзе пабудаваны ў 2013 годзе. Паводле яго, прадпрымальнікам пакуль што прапанавалі альтэрнатыўныя пляцоўкі, напрыклад, Камароўскі рынак, “Ждановічы” і стадыён “Дынама” (дарэчы, рынак каля спартовай арэны таксама неўзабаве закрыюць). Але на запрашэнне гарадскіх уладаў адгукнуліся толькі 100 з 880 гандляроў.

belsat.eu

Стужка навінаў