Аляксандр Сінкевіч: Камунальныя плацяжы будуць павышацца


Эканаміст Аляксандр Сінкевіч не выключае, што ў найбліжэйшай перспектыве беларусаў чакае істотнае павышэнне коштаў на камунальныя паслугі.

Ад 1 лістапада выраслі кошты на электрычную і цеплавую энергію для насельніцтва адпаведна на 7 і 9 адсоткаў. З нядаўняга часу ў Беларусі ўвялі таксама ліміт спажывання вады – 140 л на дзень. За ваду, выкарыстаную звыш гэтага ліміту, давядзецца заплаціць павышаны кошт. “Ліміты на спажыванне вады – гэта знак насельніцтву, што далей сітуацыя з аплатаю камунальных паслугаў будзе станавіцца больш жорсткаю і трэба рыхтавацца да таго, каб сплочваць практычна 100 адсоткаў выдаткаў на камунальныя выгоды”, – мяркуе Аляксандр Сінкевіч.

Якімі будуць чарговыя павышэнні – пакуль невядома. Нявыключана, што ўлады пойдуць тым жа шляхам, што і з ростам коштаў паліва – паступова, на невялікую суму. Аднак апошні раз павышэнні былі вельмі сур’ёзныя: тарыф на тэхнічнае абслугоўванне жытла павялічыўся на 10 адсоткаў – з 309 да 340 рублёў на месяц за 1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшкання. Тарыф на халоднае водазабеспячэнне вырас на 25,1 %, на 26 % павышаны тарыф на каналізацыю.

На думку Аляксандра Сінкевіча, пераводзіць жыллёва-камунальную гаспадарку на самаакупляльнасць і павышаць тарыфы трэба было дагэтуль. “Гэты працэс трэба было пачынаць нашмат раней: калі ў насельніцтва яшчэ былі нармальныя заробкі, гэта было б не так балюча. Калі ж гэта рабіць шокавым метадам, то мы можам атрымаць сацыяльны выбух”, – падкрэсліў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў