Павал Усаў у «Гарачым каментары»


Кіраўнікі Расеі, Казахстану і Беларусі падпісалі дэкларацыю аб Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі ды заявілі пра пераход да наступнага этапу – стварэння адзінай эканамічнай прасторы. Якія б выгады ні абяцалі беларусам ад інтэграцыі, дамова, падпісаная Аляксандрам Лукашэнкам, надзейна прывязала Беларусь да Расеі.

Палітолаг Павал Усаў упэўнены – гэты крок абумоўлены тым, што Лукашэнка не мае выбару і больш цесная супраца з Расеяй застаецца для яго адзінаю магчымасцю выратаваць сітуацыю і прадоўжыць сваю палітычную кар’еру. На думку эксперта, гэта можа прывесці да страты Беларуссю незалежнасці ды ператварэння краіны ў марыянетку, якою будзе кіраваць Расея. Палітолаг прагназуе, што паўстанне адзінай эканамічнай прасторы будзе мець для Беларусі вельмі негатыўныя наступствы.

“Па-першае, краіна страціць магчымасці далейшага эканамічнага развіцця. Па-другое, увогуле будзе закансерваваная палітычная сістэма”, – кажа спадар Усаў.

“Фактычна, працэс страты незалежнасці Беларусі – як дзяржавы, культурнай незалежнасці, дэмакратычнай незалежнасці – распачаўся з 1994 г., калі Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам. З гэтага моманту ўсе магчымыя геапалітычныя кірункі, акрамя расейскага, былі перакрэсленыя. Лукашэнка ад таго моманту, як прыйшоў да ўлады, пачаў знішчаць і культуру, і дэмакратыю, і ўмовы для развіцця беларускай незалежнасці, і прывёў Беларусь да таго геапалітычнага стану, у якім яна цяпер перабывае. Расея дачакалася, калі яблыка само ўпала ў яе рукі”, – мяркуе палітолаг.

Адзіным станоўчым момантам для грамадства Павал Усаў лічыць тое, што расейскі рынак будзе паглынаць беларускае беспрацоўе.

На ягоную думку, у існай сітуацыі можна забыцца пра інтэграцыю з Захадам.

“Я мяркую, што ў гэтых умовах мы можам перастаць казаць пра магчымыя перспектывы еўрапейскай інтэграцыі. Калі не зменіцца рэжым у Беларусі, краіна будзе пазбаўленая нават доўгатэрміновай перспектывы далучэння да Еўрапейскага Звязу”, –кажа Усаў.

belsat.eu

Стужка навінаў