Ладуцька: Жыллёвае будаўніцтва не спыняецца


Старшыня Менскага гарвыканкаму абяцае, што нягледзячы на прыпыненне льготнага крэдытавання новыя дамы маюць будавацца надалей.

“Сур’ёзнае фінансаванне з бюджэту пойдзе на падтрыманне камунальнай гаспадаркі”, – паведаміў кіраўнік гарвыканкаму. Будзе датавацца аплата гарачага і халоднага водазабеспячэння, тэхнічнае абслугоўванне дамоў, падтрымлівацца дзейнасць эксплуатацыйных службаў. “Гэтая сума складзе каля 1 трлн руб.”, – сказаў Ладуцька.

Значныя, паводле яго, сродкі таксама будуць накіраваныя на сацыяльнае падтрыманне маламаёмных грамадзянаў, інвалідаў, шматдзетных семіяў ды іншых – прыкладна 400 млрд руб.

У сталіцы да канца 2012 г. кошт будаўніцтва жытла з дзяржаўным падтрыманнем для тых, каму патрэбнае паляпшэнне жыллёвых умоваў, складзе 4,5–5 млн руб. за квадратны метр, паведаміў Ладуцька. І нагадаў, што рыхтуецца ўказ прэзідэнта, які скароціць да лічбу катэгорыяў ільготнікаў і вызначыць новыя ўмовы льготнага крэдытавання.

На думку Ладуцькі, альтэрнатываю льготнаму крэдытаванню можа стаць будаўніцтва арэнднага жылля. Сёлета ў Менску ў Парку высокіх тэхналогіяў распачнецца будаўніцтва двух першых арэндных дамоў. Паводле кіраўніка гарвыканкаму, у першую чаргу такое жыллё будзе здавацца маладым адмыслоўцам, якіх не хапае ў горадзе: медсёстрам, кіроўцам грамадскага транспарту, педагогам. Да таго ж альтэрнатываю могуць стаць будаўнічыя зберажэнні ды камерцыйнае крэдытаванне “пры ўмове зніжэння інфляцыі”.

belsat.eu

Стужка навінаў