Мядзведзеў, Лукашэнка і Назарбаеў падпісалі дэкларацыю аб еўразійскай інтэграцыі


18 лістапада прэзідэнты Расеі, Беларусі ды Казахстану падпісалі ў Маскве дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. У дэкларацыі бакі заявілі пра пераход да наступнага этапу інтэграцыйнага будаўніцтва – Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).

У дакуменце падкрэсліваецца, што далейшае развіццё інтэграцыі трох краінаў адпавядае іх нацыянальным інтарэсам, спрыяе вырашэнню агульных задач павышэння дабрабыту і якасці жыцця грамадзянаў, устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, усебаковай мадэрнізацыі ды ўзмацнення нацыянальнай канкурэнтаздольнасці ў межах глабальнай эканомікі.

У дэкларацыі таксама заяўляецца пра імкненне бакоў да 1 студзеня 2015 г. завяршыць кадыфікацыю міжнародных дамоваў, якія складаюць нарматыўна-прававую базу Мытнага саюзу і АЭП, і стварыць на гэтай аснове Еўразійскі эканамічны саюз, які будзе адкрыты для далучэння іншых дзяржаваў, што раздзяляюць мэты і прынцыпы саюзу і гатовыя да іх рэалізацыі.

Прэзідэнты трох краінаў таксама падпісалі дамову аб Еўразійскай эканамічнай камісіі. Камісія будзе пераемніцаю Камісіі Мытнага саюзу. Яна ствараецца для забеспячэння функцыянавання і развіцця саюзу ды функцыянавання Адзінай эканамічнай прасторы.

belsat.eu

Стужка навінаў