«...Але зробімся зусім блізкімі»


У Маскве прэзідэнты Расеі, Беларусі ды Казахстану маюць падпісаць дакументы пра далейшую інтэграцыю ў краінах Мытнага саюзу. Гэта станецца крокам да стварэння Еўразійскага эканамічнага саюзу. «Мы і так блізкія, але зробімся зусім блізкімі», – заявіў Дзмітрый Мядзведзеў.

Як паведамлялася раней, 18 лістапада ў Маскве мае прайсці сустрэча прэзідэнтаў Расеі, Беларусі ды Казахстану. Паводле звестак прэс-службы Крамля, на ёй плануецца падпісаць шэраг дакументаў, «якія маюць прынцыповае значэнне для далейшага развіцця ўзаемавыгаднай супрацы», а таксама абмеркаваць пытанні ўдасканалення наднацыянальных органаў кіравання інтэграцыйнымі працэсамі ў хадзе супольнай працы для пераходу да наступнага этапу інтэграцыі – Еўразійскага эканамічнага саюзу.

«Заўтра, спадзяюся, падпішам пагадненне, што тычыцца далейшай эканамічнай інтэграцыі, стварэння супольнай структуры, якая будзе гэтым займацца, гэта вельмі важны крок, мы нікога не прымушаем гэта рабіць, гэта выспела», – цытуе Мядзведзева РІА «Новости».

Паводле Мядзведзева, Расея, Беларусь і Казахстан стараюцца стварыць такія эфектыўныя рамкі супрацы, якія не былі б нікому навязаныя. Ён падкрэсліў: кожная краіна, якая захоча далучыцца да Мытнага саюзу, Адзінай эканамічнай прасторы і ЕўрАзЭС, павінна зрабіць гэта свядома. «Каб не казалі, што яе туды загналі пад уплывам нейкіх эканамічных аргументаў», – дадаў прэзідэнт Расеі.

belsat.eu

Стужка навінаў