Фільмы «Пастка для апазіцыі?» і «Пастка для прэзідэнта?»


Неўзабаве міне год ад апошніх прэзідэнцкіх выбараў, а падзеі 19 снежня 2010 г. дагэтуль адбіваюцца на ўнутрыпалітычным жыцці ў Беларусі, а таксама на яе дачыненнях з Расеяй і Захадам. За кратамі застаюцца палітвязні – удзельнікі вулічных пратэстаў і кандыдаты на прэзідэнта. Дзень 19 снежня 2010 г. пакінуў па сабе шмат скандальных таямніцаў. Новы фільм тэлеканалу «Белсат» з цыклу «Невядомая Беларусь» – «Пастка», які складаецца з дзвюх частак з красамоўнымі падзагалоўкамі – «Пастка для апазіцыі?» і «Пастка для прэзідэнта?», аналізуе гэтыя падзеі ды тэндэнцыі, што сталіся іхным фонам, на падставе версіяў палітыкаў і палітолагаў.

Свае версіі ды каментары агучваюць аналітыкі Уладзімір Мацкевіч, Раман Якаўлеўскі, Вадзім Гігін, палітык Сяргей Калякін, колішні дарадца прэзідэнта Расеі Андрэй Іларыёнаў і былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны.

Першы фільм «Пастка для апазіцыі?» «Белсат» паказаў 18 лістапада, у пятніцу, а 20.25. «Пастка для апазіцыі?» даступны на сайце «Белсату» для он-лайн прагляду і спампоўвання.

Прэм’ера другога, «Пастка для прэзідэнта?», адбылася 25 лістапада. Глядзіце фільм он-лайн і спампоўвайце (download у правым верхнім куце экрану).

Фіналам першага фільму, «Пастка для апазіцыі», сталі падзеі 19 снежня 2010 года, якія выразна, як ніколі раней, паказалі палітычнае аблічча дзяржавы. Новы фільм дылогу паказвае вынікі таго векапомнага дня: самыя маштабныя рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазіцыі ды структураў грамадзянскай супольнасці, разрыў стасункаў з Захадам, скрайняя эканамічная і палітычная залежнасці ад Расеі. З першых дзён Лукашэнкі пры ўладзе Крэмль ажыццяўляў спецаперацыі дзеля падтрымання ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму. Галоўная мэта гэтых спецаперацыяў – усталяваць поўны кантроль над усёй унутранаю і вонкаваю палітыкаю Беларусі ды ўмантаваць беларускую эканоміку ў расейскую. Аднак 19 снежня ў пастку трапіла не толькі дэмакратычная апазіцыя, але і… яе галоўны супраціўнік – Лукашэнка. Другі фільм дае адказ на пытанне, чаму і якім чынам Лукашэнка стаў такім жа палітычным закладнікам, як і ягоныя пераследаваныя судом апаненты.

Аўтары дакументальна-публіцыстычнага фільму – Сяргей Ісакаў і Леанід Міндлін, якія разам выступілі як сцэнарысты і рэжысёры. Разам з «Белсатам» рэжысёры стварылі шэраг дакументальных фільмаў. Сярод іх «Слуцкі збройны чын», «Генерал няскончанай вайны», «Чарнобыль для Еўропы» (С. Ісакаў), «Еўрапейскі баль», «Дзень «Ч». Версія» (Л. Міндлін).

Леанід Міндлін прызнаецца, што фільм здымаўся не адмыслова да гадавіны падзеяў 19 снежня. Ідэя ўзнікла пасля прагляду фільму «Плошча: Жалезам па шкле». «Было ясна, што на Плошчу апазіцыю павялі, што гэта была пастка, але было незразумела, хто яе стварыў. І мы ў сваім фільме дакладных адказаў не даем. Яны з’явяцца, бадай, калі адкрыюцца архівы. Пакуль жа мы падалі толькі версіі, таму і назвы дзвюх частак фільму – з пытальнікамі», – кажа Леанід Міндлін.

Цэнтральная версія фільму: падзеі 19 снежня – гэта маніпуляцыі Масквы, якая справакавала такі сцэнар і адзіная ў выніку выйграла. Прычым ужо не першы раз у найноўшай гісторыі. Дзеля параўнання ў фільме паказаныя падзеі з часоў рэферэндуму 1996 г., у выніку якога змянілі Канстытуцыю і разагналі дэмакратычна абраны Вярхоўны Савет.

Паводле словаў Леаніда Міндліна, расейскі след – гэта толькі версія: «Доказаў няма, але ёсць логіка падзеяў».

Маюцца на ўвазе гандлёвыя, інфармацыйныя войны, «страшылкі» пра рэвалюцыю і нават пагроза нейкай спецаперацыі дзеля фізічнай ліквідацыі кіраўніка Беларусі – усё гэта стварала пэўную палітычна-псіхалагічную атмасферу, якая правакавала як апазіцыю, так і ўлады краіны.

Таксама можна дадаць, што вынікам падзеяў 19 снежня 2010 г. сталі рэпрэсіўны разгром беларускай апазіцыі, узмацненне залежнасці Лукашэнкі ад Масквы, сапсаваныя дачыненні Беларусі з Захадам, зацягванне ў Мытны саюз і Еўразійскі саюз.

Пра прэзідэнцкія выбары 2010 г. было сказана і паказана нямала. Але фільм «Пастка» ўсё адно глядзіцца з цікавасцю – бо зняты, як кажа сам спадар Міндлін, згодна з заходнім прынцыпам: дынамічна, у кліпавай манеры, з добра пакладзенаю на кадры музыкаю.

А самае галоўнае – гэта не проста хроніка і не чорна-белы прапагандысцкі прадукт, а аналіз. Каб больш не трапляць у пасткі – ані ў свае, ані ў чужыя.

Фільмы на ют’юбе.

Стужка навінаў