Апытанне: ці гатовыя студэнты адстойваць свае правы?


17 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень студэнта. З гэтай нагоды “Белсат” пытаўся ў маладых менчукоў, ці гатовыя яны змагацца за ўласныя правы.

“Мяркую, што гатовыя. Ёсць студэнты, якія будуць сядзець у хаце, баяцца і маўчаць, а ёсць студэнты, што сапраўды пойдуць – і не вельмі чалавечнымі метадамі будуць адстойваць свае правы, пра якія, можа, і ўвогуле трэба забыцца на некаторы час”, – кажа студэнтка.

“Я думаю, што большасць студэнтаў усё адно будзе сядзець і маўчаць. Цяпер нельга казаць лішняга”, – дадае ейная сяброўка.

“Я б адстойваў свае правы, бо я таксама супраць Лукашэнкі”, – заяўляе юнак.

“Студэнты пачнуць змагацца за свае правы, калі ў іх з’явіцца прававое падтрыманне. Можа, студэнцкія прафсаюзы, не праўладныя, калі студэнт для студэнта працуе, а не калі прафсаюз атрымлівае грошы ад універсітэту, у якім студэнт навучаецца. Яны ў любым выпадку будуць абараняць правы ўніверсітэту, а не студэнта. Хто плаціць, той і кіруе балем”, – зазначыў адзін з рэспандэнтаў.

“З увагі на наш менталітэт, талерантнасць, я не скажу, што мы заўзята адстойваем свае правы. Вядома, ёсць некія спробы, аднак адкрыта выйсці пакуль што не дазваляе, мякка кажучы, сітуацыя ў краіне. Людзі маюць адчуваць, што ў іх ёсць пэўныя свабоды, аднак цяпер гэта неяк не адчуваецца, ёсць ціск з боку кіраўніцтва і ўладаў. Людзі крыху баяцца выказваць сваё меркаванне”, – кажа дзяўчына.

“Гэта залежыць ад таго, якія праблемы яны маюць. Калі студэнт упэўнены, што ён мае рацыю, то чаму ён не можа адстойваць уласных правоў? Тым больш, што ёсць такія арганізацыі, як прафсаюз”, – мяркуе чарговы рэспандэнт.

“У нас сваіх правоў ніхто не адстойвае. Тыя, хто адстойваў 19 снежня, я іх цалкам падтрымліваю. Увогуле ў нас народ вельмі і вельмі сумна глядзіць на гэтую сітуацыю і не здольны сказаць “не” ў адпаведны момант. Штосьці трэба мяняць. Менавіта ў студэнтаў ёсць невялікая загартоўка, якая яшчэ можа неяк дапамагчы. Старэйшае пакаленне – не, гэта проста гіблая справа. Гэта значыць, калі мы гэтага не зробім, то гэтага ўжо ніхто не зробіць. У нас папросту дыктатура. А пры дыктатуры нават самым смелым цяжка чаго-небудзь дасягнуць”, – упэўнены іншы студэнт.

belsat.eu

Стужка навінаў