Пацярпелыя ад свавольства беларускіх судоў просяць пашырыць спісы неўязных


Адпаведны зварот накіраваны паслу Еўразвязу ў Рэспубліцы Беларусь Майры Муоры.

“Мы скарысталіся арт. 61 Канстытуцыі Беларусі, згодна з якім, калі вычарпаныя ўсе магчымасці дабіцца правасуддзя ў сваёй краіне, мы маем права звярнуцца ў міжнародныя структуры”, – распавяла “Белсату” адна з падпісантак гэтага звароту Людміла Кучура. Жанчына гаворыць, што ліст падпісалі 44 чалавекі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

У пасланні адзначаецца, што рашэнні ў грамадзянскіх і крымінальных справах падпісантаў выносіліся на падставе выразна сфальсіфікаваных доказаў. Аднак ні Вярхоўны Суд, ні Генеральная пракуратура не звяртаюць на гэта ўвагі – на скаргі пацярпелых ды іхных адвакатаў прыходзяць адпіскі. “З гэтымі праблемамі мы калектыўна звярталіся больш за трыццаць разоў да прэзідэнта – аднак безвынікова”, – паведамляецца ў лісце.

“Нашыя сем’і – у безвыходнай сітуацыі, а нашых блізкія – у месцах пазбаўлення волі, большасць – за злачынствы, якіх яны не здзяйснялі. У той жа час сапраўдныя злачынцы на волі, але гэта нікога не хвалюе”, – звяртаюцца да пасла Еўразвязу пацярпелыя. Падпісанты просяць Майру Муору хадайнічаць перад Радаю міністраў замежных справаў Еўразвязу ўвесці візавыя санкцыі супраць суддзяў і пракурораў, якія спрычыніліся да гэтых крымінальных ды грамадзянскіх справаў. Пералік прозвішчаў гэтых прадстаўнікоў беларускай Феміды далучаецца да звароту.

Як паведаміла Людміла Кучура, у прадстаўніцтве Еўразвязу яны пакінулі просьбу пра асабістую сустрэчу са спадарыняю Майраю Муорай.

belsat.eu

Стужка навінаў