Ірына Халіп: Сумняюся, што Саннікаў у Магілёве


Жонка палітвязня мяркуе, што ёй маглі даць фальшывыя звесткі.

Жонка экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава сумняецца, што палітык цяпер у магілёўскай перасыльнай турме.

«Пасля няўдалай спробы адвакаткі трапіць да майго мужа, я ўсё больш схіляюся да думкі, што Андрэя няма ў перасыльнай турме. Магчыма, нам наўмысна далі фальшывыя звесткі, каб мы не змаглі знайсці Андрэя. Гэта ўсё мяне вельмі непакоіць і палохае», – паведаміла «Белсату» Ірына Халіп.

Яна таксама нагадала, што заўтра ў Дэпартаменце выканання пакаранняў прыёмны дзень: «Я абавязкова буду там, каб дамагчыся адказу, дзе цяпер мой муж».

У магілёўскую турму, дзе, паводле чутак, утрымліваецца Андрэй Саннікаў, заўтра зноўку паедзе адвакат, каб дамагчыся сустрэчы з палітвязнем. Сённяшняя спроба ўбачыцца з падапечным аказалася безвыніковаю.

Начальнік магілёўскай турмы № 4 Аляксандр Ламаза адмовіў адвакатцы Марыне Кавалеўскай у сустрэчы з падабаронным на той падставе, што Андрэй Саннікаў лічыцца «транзітным перасыльным». «Гэта парушэнне ўсялякіх законаў. Усе зняволеныя маюць права на юрыдычную абарону і сустрэчу з адвакатамі. Хачу нагадаць, што Андрэй ужо быў у гэтай турме падчас этапавання ў Бабруйск, і тады адваката да яго дапусцілі без праблемаў», – абураецца Ірына Халіп.

Адвакатка Марына Кавалеўская напісала скаргі на дзеянні начальніка турмы ў Магілёўскую абласную пракуратуру і Дэпартамент выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці. Як паведамілі жанчыне чыноўнікі, адказ на гэтыя скаргі будзе атрыманы ў вызначаны законам тэрмін, то бок толькі праз 10 дзён.

belsat.eu

Стужка навінаў