Увага: кава - генетычна мадыфікаваная


Калумбія робіць стаўку на генетычныя даследаванні гатунку кавы, які б быў прыстасаваны да кліматычных зменаў. Звязана гэта з тым, што фермеры ніяк не могуць справіцца з дажджамі, якія паставілі пад пагрозу вырошчванне кававых дрэваў.

Хасэ Рамон Каллясас (José Ramón Collazos), 56-гадовы вытворца кавы, паведаміў, што нягледзячы на ўсе намаганні фермераў, сёлетні сезон дажджоў выклікаў спад вытворчасці на 30–40 %.

Такое надвор’е прывяло таксама да актыўнага росту грыбка, які паражае лісце кававых дрэваў і можа нанесці шкоду ўсёй культуры. Пры дапамозе генетыкі ў Калумбіі ўжо вывелі восем устойлівых да грыбка гатункаў кавы. Насенне перадалі кааператывам, якія потым распаўсюдзілі яго сярод фермераў.

Карлас Арманда Урыбэ (Carlos Armando Uribe), каардынатар калумбійскай Асацыяцыі вытворцаў кавы, патлумачыў, што кліматычныя змены паўплывалі на колькасць святла і цяпла, якую атрымлівае расліна, што ў сваю чаргу негатыўна адбілася на аб’ёмах вытворчасці.

Кліматолагі Нацыянальнага цэнтру даследаванняў кавы таксама працуюць над забеспячэннем большай дакладнасці мясцовых прагнозаў надвор’я і працягваюць даследаваць геном «Cofféa arábica» дзеля паляпшэння якасці ды павышэння ўраджайнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў