Фільм «Белсату» ў конкурсе найбуйнейшага кінафестывалю ў Расеі


Дакументальны фільм «Асколкі», зняты Віталем Нерушам у 2011 г. для тэлеканалу «Белсат», выбралі да ўдзелу ў конкурсе фестывалю «АРТДОКФЕСТ», які адбудзецца 2–10 снежня ў Маскве.

«Асколкі» будуць змагацца ў конкурсе сярод 21 фільму з усяго свету. «АРТДОКФЕСТ» – гэта найбуйнейшы і найбольш прэстыжны фестываль дакументальных фільмаў у Расеі. Журы сёлетняга, пятага фестывалю ўзначальвае славуты рэжысёр мастацкага кіно Андрэй Звягінцаў. «АРТДОКФЕСТ» пачнецца прэм’ераю сенсацыйнага фільму «Ходорковский». Стужка распавядае пра лёс апальнага расейскага алігарха, які кінуў выклік расейскім уладам.

Пра фільм «Асколкі»

Пасля распаду СССР у малую вёску на паўночным захадзе Беларусі ў бацькоўскія хаты з розных частак Саюзу вярнуліся некалькі дарослых мужчынаў. У іх няма сем’яў. Не памятаючы мінулага, не думаючы пра будучыню, героі фільму жывуць сённяшнім днём. Ад самоты іх ратуе гарэлка і размовы пра штодзённыя справы, жарты ды іранічныя каментары пра палітычныя падзеі ў Беларусі ды свеце. Са светам іх лучыць толькі тэлебачанне, хаця яны яму не давяраюць. Жывуць мужчыны ў ізаляцыі, якую самі для сябе выбралі. Воссю іх жыцця ёсць праца на зямлі.

Маскоўскі «АРТДОКФЕСТ» – гэта ўжо другі міжнародны фестываль, у якім возьме ўдзел беларускі фільм, зняты «Белсатам». Сусветная прэм’ера «Асколкаў» адбылася ў кастрычніку на Міжнародным фестывалі дакументальнага і анімацыйнага кіно ў Ляйпцыгу (Нямеччына).

Стужка навінаў