Пошукі Саннікава працягваюцца


Прадстаўнікі інфармацыйна-асветніцкай установы “Платформа” плануюць набліжэйшым часам высветліць, дзе знаходзіцца экс-кандыдат

Пра тое, што палітвязня Андрэя Саннікава не этапавалі, а змясцілі ў карцар калоніі, “Платформе” стала вядома з неафіцыйных крыніцаў, максімальна набліжаных да кіраўніцтва бабруйскай турмы. “Заўтра збіраемся наведаць калонію, пабачыцца з кіраўніцтвам, каб атрымаць інфармацыю, што называецца, “з першых вуснаў”, – паведаміў “Белсату” кіраўнік “Платформы” Андрэй Бандарэнка.

Нагадаем, сёння ў Дэпартаменце выканання пакаранняў (ДВП) у Менску жонцы палітвязня Ірыне Халіп, заявілі, што Андрэя Саннікава перавялі ў адну з калоніяў Віцебскай вобласці. Аднак, паводле кіраўніка “Платформы”, кіраўніцтва ДВП Віцебскай вобласці адмаўляе, што Андрэй Саннікаў перабывае ў падначаленых яму папраўчых установах. На тэрыторыі Віцебскай вобласці месцяцца 4 калоніі, пакуль Андрэя Саннікава няма ні ў воднай з іх.

Дарэчы, не змог сёння цьмяна патлумачыць, дзе Андрэй Саннікаў, і міністр МУС Анатоль Куляшоў. “Дакладна я цяпер вам не скажу. (…) Калі перавялі, то трэба зыходзіць з таго, што ёсць нейкая неабходнасць”, – паведаміў Куляшоў падчас “жывой лініі” ў адной з беларускіх газетаў. Міністр патлумачыў, што пераводзіць вязняў могуць на просьбу іхных сваякоў ці з унутраных прычынаў: “Адміністрацыя калоніі, дзе ён адбывае пакаранне, мае права прыняць рашэнне без просьбаў адваката ці блізкіх і сваякоў”.

Натуральна, што сваякі Андрэя Саннікава з такімі просьбамі не звярталіся. На якой падставе рашэнне этапаваць палітвязня прымала кіраўніцтва бабруйскай турмы, зразумець цяжка, гаворыць Андрэй Бандарэнка. “Яны неаднаразова імкнуліся дыскрэдытаваць Андрэя Саннікава, але дзякуючы нашым захадам гэтага не атрымалася. Магчыма, таму і вырашылі памяняць калонію. Ёсць яшчэ варыянт, што палітвязня рыхтуюць да вызвалення. Аднак гэта ўсё версіі, бо калі ў дзеяннях няма логікі, цяжка нешта прадказваць”, – зазначыў Андрэй Бандарэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў