Валянцін Стэфановіч: можна казаць пра адвольныя затрыманні


Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, цяпер вядома пра 11 арыштаваных у сувязі з нападам на амбасаду. “Гэта выклікае занепакоенасць. Затрымалі не толькі ўдзельнікаў экалагічнага і анархісцкага руху, але і цалкам супрацьлеглых ім у поглядах і перакананнях людзей: чальцоў “Правага альянсу” і незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды. Нас турбуе тое, што праваахоўныя органы, імкнучыся знайсці вінаватых, не кіруюцца нормамі заканадаўства”, – сказаў Стэфановіч.

Акрамя таго, паводле ягоных словаў, часта парушаецца і права затрыманых на абарону. “Адвакатам проста не паведамляюць, дзе знаходзяцца іхныя падабаронныя. Аніякай інфармацыі аб іх няма, і кропка. Гэта найгрубейшыя парушэнні правоў чалавека”, – падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

Ён адзначыў, што праваахоўныя органы выкарыстоўваюць тактыку “перазатрымання”. “Спачатку іх затрымлівалі ў справе аб нападзе на расейскае пасольства, потым – у справе аб нападзе на Дом прафсаюзаў 30 красавіка гэтага года, потым – з нагоды пашкоджання маёмасці аддзялення “Беларусбанку”, – кажа Валянцін Стэфановіч. – У Крымінальным кодэксе шмат артыкулаў, і, выкарыстоўваючы такую тактыку, чалавека можна трымаць за кратамі гады два”.

Праваабаронцы выступаюць за тое, каб праводзілася расследаванне і вінаватых знайшлі. “Але пры гэтым усё мусіць адбывацца ў межах працэдуры, усталяванай законам. Калі гэтага не адбываецца, мы схільныя разглядаць гэтыя затрыманні як адвольныя. Яны проста здзяйсняюцца з парушэннем працэдуры і беларускага заканадаўства”, – адзначае праваабаронца.

Стужка навінаў