Жыхары Баравухі гатовыя пратэставаць і перакрываць дарогі


Яны выступаюць супраць будаўніцтва палігону дзеля ачышчэння забруджанага нафтаю грунту. Палігон мусіць з’явіцца менш як за кіламетр ад жылых дамоў мястэчка Баравуха, што побач з Полацкам і Наваполацкам.

Дзялянку зямлі для прадпрыемства ачышчэння забруджанага нафтаю грунту перадалі таварыству з дадатковаю адказнасцю “Віцень” на рашэнне Віцебскага аблвыканкаму сёлета ў сакавіку.

Паводле дырэктара, палігон патрэбны, бо цяпер толькі на “Нафтане” сабралася 224 000 тонаў грунтоў, якія трэба ачышчаць ад нафтапрадуктаў. На палігон таксама трапіць грунт з прадпрыемстваў “Дружба” і “Палімір”.

Жыхары Баравухі настроеныя катэгарычна – не дапусціць будаўніцтва. “Мы патрабавалі незалежнай экалагічнай экспертызы, але ніхто яе не правёў, – кажа мясцовая жыхарка Лілія Воранава. – Навошта забруджаны грунт весці да нас, каб ачысціць? Чаму нельга рабіць гэтага на месцы? Ні ўлады, ні кіраўніцтва “Віценя” не адказваюць на гэтыя пытанні”.

Апроч таго, тэрытарыяльныя органы Міністэрства надзвычайных сітуацыяў у Полацку і Наваполацку не давалі дазволу на выдаванне зямель для палігону. Гэта пацвердзіў начальнік Полацкага гарадскога аддзелу надзвычайных сітуацыяў Фёдар Шарко.

Намеснік начальніка Наваполацкага гарадскога аддзелу надзвычайных сітуацыяў Сяргей Жукаў адзначае: “Нафтан”, “Дружба” і “Палімір” ачышчаюць грунты самастойна. У іх ёсць дзеля гэтага шламанакапляльнікі. Мы размаўлялі з адмыслоўцамі на гэтых прадпрыемствах – неабходнасці дадаткова ачышчаць грунт няма”.

Варта адзначыць, што ТДА “Віцень” ужо будавала падобны палігон у Маларыцкім раёне. Аднак ён быў закрыты амаль адразу пасля з’яўлення – з-за пратэстаў мясцовага насельніцтва. Жыхары Барвухі таксама настроеныя катэгарычна і гатовыя пратэставаць і перакрываць дарогі, толькі каб побач з іхнымі дамамі не з’явіўся шкодны для здароўя і наваколля палігон.

belsat.eu

Стужка навінаў