Лябедзька: Санкцыі да эканамічнага блоку ураду – пытанне дыскусійнае


Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, санкцыі Еўразвязу мусяць дзеяць супраць тых, хто парушыў заканадаўства. А гэта перадусім сілавікі.

Еўразвяз мае намер пашырыць санкцыі супраць афіцыйнага Менску. У спіс неўязных рызыкуе трапіць прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, ягоны намеснік Уладзімір Сямашка ды старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі. Пра гэта паведамляе брусельскае выданне “EUobserver” са спасылкаю на крыніцу ў дыпламатычных колах Еўразвязу.

“Калі частка ўраду прэтэндуе на тое, каб мець нейкую сваю думку і пазіцыю наконт сітуацыі ў эканоміцы, важна, каб гэта не выглядала так, што вось яны кажуць пра нейкія рынкавыя рэформы, а іх тут бах – і не пускаюць у Еўразвяз… Трэба, каб усё ж такі была логіка і зразумеласць у дзеяннях”, – мяркуе лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Прычынаю магчымага далучэння двух чальцоў ураду і старшыні Памежнага камітэту да чорнага спісу крыніца выдання “EUobserver” называе іхную датычнасць да схемаў асабістага абагачэння Аляксандра Лукашэнкі. Сярод кандыдатаў на еўрапейскія санкцыі ананімны дыпламат назваў таксама буйных бізнесоўцаў: кіраўнікоў кампаніяў “Трайпл”, “Амкодор”, “Табак-Инвест”, “Санта-Импекс Брест”, уладальніка сеткі гіпермаркетаў “Корона”.

Цяпер у спісе 245 асобаў: чыноўнікі, суддзі, пракуроры і загадчыкі дзвюх калоніяў, дзе адбываюць пакаранне палітзняволеныя. Тыя, хто трапіў у спіс, не маюць магчымасці наведваць краіны Еўразвязу і карыстацца са сваіх актываў у еўрапейскіх банках.

belsat.eu

Стужка навінаў