Артыкул 193.1 дзее незаконна?


Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) прызнала неадпаведным міжнародным прававым нормам артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску каардынатар кампаніі «Права на веру» Аляксей Шэін.

Заключэнне камісіі, асацыяваным сябрам якой ёсць Беларусь, было прынятае 14–15 кастрычніка на 88-м пленарным паседжанні ў Венецыі.

На думку Аляксея Шэіна, гэты момант ёсць унікальным, бо гэта адзінкавае мэтанакіраванае рашэнне Венецыянскай камісіі, якое датычыць асобна ўзятага артыкулу Крымінальнага кодэксу канкрэтнай краіны. Каардынатар кампаніі «Права на веру» паведамляе, што паводле гэтага артыкулу асудзілі 18 чалавек. Але з пачатку кароткачасовай «лібералізацыі» да мінулых прэзідэнцкіх выбараў артыкул не выкарыстоўваўся.

«Калі раней папярэджванні ды абвінавачанні выносіліся прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці, палітычным партыям, то цяпер новая частка грамадства падпала пад дзеянне гэтага артыкулу – гэта прадстаўнікі рэлігійных арганізацыяў. Нам вядома, што як мінімум 8 чалавек гэтаю вясною атрымалі папярэджанне за дзейнасць ад імя незарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў. Гэтыя 8 чалавек – гэта прадстаўнікі пратэстанцкіх цэркваў у Гомлі ды Магілёўскай вобласці. У цэрквах прадстаўнікамі КДБ былі праведзеныя ператрусы, у выніку якіх была канфіскаваная духоўная літаратура».

Юрыст Уладзімір Лабковіч кажа: «Улады, безумоўна, прымаючы гэты артыкул у 2005 годзе, уносілі яго ў Крымінальны кодэкс выключна адрасна, выключна ў дачыненні канкрэтных грамадскіх аб’яднанняў, якія і пацярпелі ад яго ў першую чаргу». Паводле яго, асноўнай ахвярай артыкулу сталася моладзевая дэмакратычная арганізацыя «Малады фронт».

«У 2010 годзе ўлады пачалі размовы пра адмену гэтага артыкулу. Аднак цяпер ніякіх размоваў пра яго адмену не вядзецца. З 2010 года мы не маем ніводнай рэгістрацыі грамадскага аб’яднання дэмакратычнага кірунку, праваабарончай арганізацыі або палітычнай партыі. Гэта сведчыць пра тое, што тыя абмежаванні, якія існуюць у рэчышчы рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, ёсць несумяшчальнымі з нормамі, прымальнымі для дэмакратычнага грамадства», – мяркуе юрыст.

Паводле артыкулу 193.1 могуць абвінаваціць і Алеся Бяляцкага. Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» пакуль вінаваціцца паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу («Утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры»). Аднак на паседжанні 10 лістапада пракурор Уладзімір Сайкоўскі папрасіў суд абвесціць перапынак у звязку з тым, што ён намераны выставіць Бяляцкаму новае абвінавачванне, якое будзе значна адрознівацца ад папярэдняга.

belsat.eu

Стужка навінаў