Грашовая кампенсацыя за здачу крыві ды яе кампанентаў павялічыцца.
Цяпер за кожную здачу крыві ды яе кампанентаў донар атрымлівае ўсяго 1,5 баз. вел. (52 тыс. руб.), то бок меней за 7 долараў. Абясцэньванне выплатаў негатыўна паўплывала на інстытут донарства ў Беларусі. Паводле медыкаў, з лета ў краіне назіраюцца перабоі з донарскаю крывёю. Не стае таксама плазмы ды іншых кампанентаў. «Значную частку кадравых донараў мы папросту згубілі. Прыходзяць здаваць кроў пераважна студэнты, выпадковыя людзі, таму шмат крыві адбракоўваецца», – тлумачыць працаўніца аднаго з менскіх гарадскіх шпіталяў.
«Раней, каб здаць кроў, даводзілася і ўстаць рана, і ў чарзе пастаяць. Цяпер, вядома, гэтага няма – пуста стала. Медыкі ўвесь час запрашаюць, каб абавязкова прыходзілі яшчэ», – распавяла «Белсату» донар са стажам Святлана Макарчук. Жанчына здае кроў ужо больш за 20 гадоў і гаворыць, што раней донарская кампенсацыя была значным дадаткам да ейнага заробку: «Цяпер гэта грашы. Я здаю кроў толькі таму, што мне гэта паказана з увагі на стан здароўя».
Згодна з адпаведнаю пастановаю Савету Міністраў кампенсацыя донарам будзе прывязаная да бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ). За кожную здачу крыві ды яе кампанентаў донару будуць выплачваць у сярэднім 35 % БМП, што дзее на момант выплаты кампенсацыі. Пастанова таксама прадугледжвае павялічэнне сумы, што выдаткоўваецца на харчаванне донара.
belsat.eu