Пракурор патрабуе смяротнага пакарання для Кавалёва і Канавалава


Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Стук запатрабаваў прыгаварыць падсудных Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава да найвышэйшай меры пакарання. «Канчаткова Канавалаву і Кавалёву – расстрэл без канфіскацыі», – заявіў падчас судовых спрэчак намеснік генеральнага пракурора. Паводле яго, абвінавачванне прыняло рашэнне «з улікам меркаванняў прадстаўнікоў загінулых і здзяйснення абвінавачанымі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, забойства людзей».

Шмат хто з пацярпелых і назіральнікаў за судом сумняюцца ў віне падазраваны

«Зал быў шакаваны патрабаваннем пракурора і літаральна анямеў», – гаворыць кіраўніца «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова. Паводле праваабаронцы, што не прапусціла амаль ніводнага судовага паседжання, яна так і не пачула з вуснаў дзяржаўнага абвінаваўцы пераканаўчых довадаў вінаватасці падсудных. «Уся справа была пабудаваная на паказаннях Уладзіслава Кавалёва. Ніякага следства праведзена не было. Такое ўражанне, што, расстраляўшы гэтых хлопцаў, дзяржава імкнецца прыбраць галоўных сведак справы і абрубіць усе канцы», – зазначае Людміла Гразнова.

Яна дадае, што шмат хто з прысутных у зале суда скептычна ставіцца да вынікаў следства, у тым ліку і пацярпелыя ад тэракту ў метро. Праваабаронца таксама гаворыць, што на патрабаванне пракурора Дзмітрый Канавалаў ніяк не адрэагаваў. Уладзіслаў Кавалёў жа моцна пабляднеў і змяніўся ў твары. «Гэты чалавек пайшоў на кантакт са следствам у надзеі атрымаць больш мяккае пакаранне, а вось што атрымалася», – зазначае яна. Маці Уладзіслава Кавалёва сустрэла патрабаванне абвінаваўцы свайму сыну слязьмі.

Судовыя спрэчкі працягнуцца заўтра, 15 лістапада. Павінны выступіць адвакаты падсудных. Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў абвінавачваюцца ў тэрарызме – у здзяйсненні выбуху ў менскім метро сёлета 11 красавіка, а таксама выбухаў у Менску ў 2008 г. і Віцебску ў 2005 г.

belsat.eu

Стужка навінаў