Мясніковіча хочуць дадаць да спісу неўязных


За “датычнасць да схемаў асабістага ўзбагачэння Лукашэнкі”.

Еўразвяз можа дадаць да спісу неўязных беларускіх чыноўнікаў прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, ягонага намесніка Уладзіміра Сямашку і старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага, паведамляе брусельскае інтэрнэт-выданне “EUobserver” са спасылкаю на крыніцу ў еўрапейскіх дыпламатычных колах.

Мясніковіч, Сямашка і Рачкоўскі могуць трапіць спіс як асобы, “наўпрост датычныя да схемаў асабістага ўзбагачэння Лукашэнкі”.

“EUobserver” нагадвае, што ў спісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвязу, ужо 245 прозвішчаў. “І ўсё яшчэ ёсць шмат людзей, якіх варта дадаць туды. Кіраўнікі місіяў у Менску [амбасадары краінаў ЕЗ] стала працуюць, дасылаючы ў Брусель спісы. Новыя імёны могуць з’явіцца ў спісе ў наступныя дні або тыдні”, – паведаміла крыніца “EUobserver”.

Палітычнае аб візавых і эканамічных санкцыяў у дачыненні Беларусі было прынятае Радаю Еўразвязу 31 студзеня ў Бруселі, калі міністры замежных справаў краінаў ЕЗ зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю аб’яднанай Еўропы, а іхныя рахункі ды маёмасць у краінах ЕЗ мусяць быць замарожаныя.

Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пасля яго двойчы пашыралі. Апошні раз – 20 ліпеня. Тады ў спіс трапілі суддзя і два пракуроры – удзельнікі працэсаў у справе аб масавых беспарадках 19 снежня, а таксама блізкі да Аляксандра Лукашэнкі бізнесовец Уладзімір Пефціеў.

belsat.eu

Стужка навінаў