Віктар Цярэшчанка абяцае падняць рубель да ўзроўню долара


Пра гэта ён заявіў падчас выступу на Беларускім радыё.

Сёння пачаліся выступы кандыдатаў у прэзідэнты на радыё і тэлебачанні. Нагадаем, кандыдаты ў прэзідэнты маюць права на два паўгадзінныя выступы на першым канале Беларускага радыё і Першым тэлеканале.

Віктар Цярэшчанка паабяцаў суайчыннікам у выпадку ягонага абрання “паказаць свету новы эканамічны цуд”. Дапамагчы яму ў гэтым маюць прафесія вучонага-эканаміста і вялікі практычны досвед.

Кандыдат мяркуе, што ў Беларусі рэальна стварыць мацнейшую нацыянальную валюту, зрабіць беларускі рубель свабодна канвертаваным і забяспечыць рост да долара. І ўсё гэта – за вельмі кароткі час: “Спачатку ён будзе тры рублі за адзін долар, і за пяць–сем гадоў, а то і раней, мы выйдзем да долара адзін да аднаго”.

Віктар Цярэшчанка запэўніў, што ўвядзе рацыянальную падаткавую сістэму, скасуе для ўсіх (за выключэннем “адказных кіраўнікоў”) кантракты, не будзе павышаць пенсійнага ўзросту, адменіць плату за першую сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю, а для школьнікаў увядзе бясплатны праезд.

Што датычыць міжнароднай сферы, дык тут Цярэшчанка лічыць важным адмовіцца ад “шантажу Расеі” і “запалохвання Захаду” адкрыццём межаў для наркатрафіку і кантрабанды. Тут ён збіраецца дзеяць паводле прынцыпу “дакладны падлік” і “моцнае сяброўства”.

Пры гэтым пераважную ролю ў супрацы ён усё ж аддае Расеі, хоць і падкрэслівае, што не ёсць “апазіцыйным дзейснаму прэзідэнту кандыдатам”: “Я таксама за моцную і квітнеючую Беларусь, але яшчэ і за стабільную Беларусь, і абавязкова ў стратэгічным саюзе з брацкаю Расеяй – сёння, заўтра і на стагоддзі”.

belsat.eu

Стужка навінаў