Лівія: Еўразвяз адкрывае сваё прадстаўніцтва ў Трыпалі


12 лістапада ў Трыпалі з удзелам кіраўніцы вонкавапалітычнага ведамства Еўразвязу Кэтрын Эштан (Catherine Ashton) адбылося ўрачыстае адкрыццё прадстаўніцтва ЕЗ.

Эштан упершыню наведала Лівію пасля забойства Муамара Кадафі. Яна правядзе перамовы са старшынём Нацыянальнай пераходнай рады Лівіі Мустафой Абдэль-Джалілем (Mustafa Abd-al-Jalil) ды пераходным прэм’ер-міністрам Абдэлем Рахімам аль-Кібам (Abdel Rahim el-Kib). На ўрачыстай цырымоніі Эштан заявіла, што адкрыццё прадстаўніцтва – сігнал прыхільнасці. “Тое, што мы тут адчыняем прадстаўніцтва Еўразвязу, сімвалізуе сталае падтрыманне з боку Еўрапейскага Звязу, нашую павагу да народу Лівіі ды нашае памкненне да супрацы ў будучыні”, – заявіла палітык журналістам

Апошні раз Кэтрын Эштан была ў Лівіі ў траўні – яна наведала Бэнгазі, каб выказаць Нацыянальнай пераходнай радзе падтрыманне з боку Еўразвязу.

У верасні падчас міжнароднай канферэнцыі наконт лівійскага пытання краіны ЕЗ дамовіліся пра супольную дапамогу дзеля аднаўленні краіны, аховы яе межаў, умацавання грамадзянскай супольнасці ды правоў жанчын, падтрымання сродкаў масавай інфармацыі. Акрамя таго, Еўразвяз ужо выдаткаваў больш за 150 мільёнаў еўраў на гуманітарную дапамогу Лівіі.

belsat.eu

Стужка навінаў