Скуратовіч: Тура прызначылі, каб рэформаў не было


“Тур лічыцца адным з самых падрыхтаваных і прафесійных эканамістаў у Беларусі. Ён паходзіць з акадэмічнага асяроддзя, студэнты вельмі добра пра яго адгукаюцца. Аднак ягоная пазіцыя заўсёды была бліжэйшая да ўраду, чымся да ліберальных колаў”, – тлумачыць “Белсату” эканамічны аглядальні Канстанцін Скуратовіч.

Паводле эксперта, Андрэй Тур, прызначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, заўсёды агучваў антырынкавыя развязанні, пасля якіх на развіццё рэформаў фактычна накладалася вета: “Ён агучвае самыя непапулярныя рашэнні, якія прыводзяць да значных эканамічных наступстваў”.

Менавіта дзеля гэтага былы намеснік міністра эканомікі і спатрэбіўся кіраўніку Беларусі на новай пасадзе. “Тур агучыць цяпер пазіцыю Лукашэнкі, пасля чаго і будуць прынятыя ўсе рашэнні”, – гаворыць Канстанцін Скуратовіч.

Прыняцце такіх рашэнняў заўсёды было галоўнаю задачаю ўраду. Аднак прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч дазволіў сабе шэраг рэзкіх выказванняў адносна эканамічнай палітыкі, якая традыцыйна праводзіцца ў Беларусі.

“Спроба спісаць на гэты ўрад усе пазыкі, усе няшчасці беларусаў будзе зробленая. Але гэта будзе эфектыўна толькі ў тым выпадку, калі беды не працягнуцца. А яны працягнуцца”, – мяркуе наш суразмоўца.

Канстанцін Скуратовіч зазначыў, што, калі б кіраўнік Беларусі прыняў лінію ўраду, ён перакрэсліў бы ўсю тую палітыку, якую праводзіў цягам васямнаццаці гадоў. “Рэжым, які плануе для сябе палітычную бессмяротнасць, у прынцыпе не здатны да рэформаў”, – падсумаваў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў