Чалы: Думаю, Мясніковіч і Румас парадуюцца прэм'еру Ткачову


«Я прапанаваў бы памочніку прэзідэнта Ткачову самому ўзначаліць урад, калі ён ведае, як забяспечыць рост ВУП і рост рэальных прыбыткаў насельніцтва без правакавання высокай інфляцыі ды далейшай дэвальвацыі рубля. Запрашаем! Я думаю, і Мясніковіч, і Румас будуць радыя ўбачыць яго на пасадзе прэм’ера», – гаворыць фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

Шлях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступны год, які стаўся прычынаю канфлікту паміж Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком ураду Міхаілам Мясніковічам, застаецца інтрыгаю.

«Прагнозы, зробленыя Саветам Міністраў, пойдуць прэзідэнту, яны мусяць быць зацверджаныя ягоным указам. Цяпер асноўная інтрыга – якія параметры будуць. Мы памятаем, як гэта было ў 2009 годзе: планаваўся бюджэт на 2010 год, зыходзячы з росту ВУП 2–3 %. Прэзідэнт сказаў: нешта замала, давайце зробім 11–13 %. Чым усё гэта скончылася, мы памятаем», – гаворыць колішні працаўнік Адміністрацыі прэзідэнта, фінансавы аналітык Сяргей Чалы. А скончылася дэвальвацыяй, валютным і звычайным дэфіцытам.

Спачатку спрэчка ўзнікла паміж Мясніковічам і памочнікам прэзідэнта ў пытаннях эканомікі Сяргеем Ткачовым, які раскрытыкаваў занадта нізкія тэмпы эканамічнага росту на наступны год.

«Упершыню ў беларускім урадзе знайшліся людзі, здольныя не толькі гаварыць правільныя рэчы, але і пісаць правільныя планы, адстойваць іх у публічнай дыскусіі», – гаворыць Чалы, маючы на ўвазе намесніка старшыні праўлення Нацыянальнага банку Тараса Надольнага, намесніка міністра эканомікі Аляксандра Ярашэнку, а таксама віцэ-прэм’ера Сяргей Румаса і кіраўніка ўраду Міхаіла Мясніковіча.

Папярэдні ўрад, нагадвае Чалы, проста браў пад казырок: «І ў гэтым сэнсе Сідорскаму пашанцавала, бо ён своечасова перастаў быць прэм’ерам, і ўсе негатыўныя наступствы палітыкі, якая праводзілася ў часы ягонага прэм’ерства, дасталіся не яму».

belsat.eu

Стужка навінаў