Артак Кіракасян: Пракуроры і суддзі, прачніцеся!


Генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Артак Кіракасян параўнаў судовы працэс над Алесем Бяляцкім з падзеямі 1930-х гг. у Нямеччыне і Савецкім Саюзе. «У звязку з гэтым я заклікаю таварышаў пракурораў: прачніцеся! Гэта дабром не скончыцца ні для каго. Гэта яўна палітычны працэс і абвінавачанне, хутчэй за ўсё, пойдзе супраць усёй «Вясны» і ўсяго праваабарончага руху Беларусі», – заявіў праваабаронца ў інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу («Утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры»). Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. «Няма нават падазрэння, што Алесь Бяляцкі выкарыстоўваў гэтыя грошы як асабісты прыбытак. Ніводнага доказу гэтага не было прыведзена», – падкрэсліў Артак Кіракасян.

«Той крэдыт даверу, што мае «Вясна» і Алесь як асоба, настолькі вялікі, што можна сказаць, што гэта падтрыманне сусветнай супольнасці, не толькі праваабарончага руху, – гаворыць Артак Кіракасян. – На шчасце, сітуацыя ад 1930-х гадоў адрозніваецца тым, што цяпер няма супрацьстаяння камунізму і фашызму. Гэта значыць, што Беларусь аказваецца ў ізаляцыі, калі будзе рэалізаваны той сцэнар, пра які я падазраю».

Учорашняе паседжанне суда над Алесем Бяляцкім скончылася там, што пракурор папрасіў перапынку – ён мае намер выставіць Бяляцкаму новае абвінавачванне, якое будзе істотна адрознівацца ад цяперашняга. Суд гэтае хадайніцтва задаволіў. У працэсе абвесцілі перапынак да 10:00 16 лістапада.

belsat.eu

Стужка навінаў