Леанід Злотнікаў у “Гарачым каментары”


Беларусь паводле эканамічных рызык на ўзроўні Грэцыі ды В’етнаму – такую ацэнку выстаўляюць замежныя эксперты.

Паводле Міністэрства эканомікі, варта чакаць далейшай дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў выпадку захавання тэмпаў эмісіі. Пампаванне эканомікі новымі надрукаванымі грашыма можа абваліць курс да 22 тысяч рублёў за адзін долар ЗША. Між тым на ранейшым узроўні фінансавання дзяржпраграмаў настойвае адміністрацыя кіраўніка краіны. Аднак каб забяспечыць матэрыяльна ўсе заяўкі на наступны год, патрабуецца эмісія ў памеры 30 трыльёнаў рублёў. Больш грошай, акрамя друкарскага станка, у краіне ўзяць няма дзе.

Як кажа эканаміст Леанід Злотнікаў, адзін з галоўных паказнікаў гэтага рэйтынгу – наяўнасць золатавалютных рэзерваў краіны. У Беларусі такіх запасаў хопіць прыкладна на адзін месяц імпарту, пры тым што мінімальна павінна быць не менш як на 3 месяцы.
Трэба ўлічваць таксама магчымасці Беларусі выплаціць пазыкі.

„У краіне мала што робіцца для павышэння эфектыўнасці эканомікі. Няма канкрэтнай праграмы, якая б была прынятая кіраўніцтвам і ўхваленая прэзідэнтам”, – кажа спецыяліст. Устойлівасць камерцыйных банкаў значна панізілася ў выніку дэвальвацыі валюты. Нацыянальны банк у любы момант можа спыніць іх дзейнасць і запатрабаваць, каб яны папоўнілі свае капіталы. Зрабіць гэта можна, на думку Злотнікава, шляхам дадавання праз інвестараў еўра і перавядзення гэтых інвестыцыяў у беларускія рублі. Паводле спецыяліста, міжнародныя эксперты справядліва ацэньваюць эканамічную сітуацыю Беларусі.

Міністэрства эканомікі да канца гэтага года падлічыла, што інфляцыя будзе на ўзроўні 118 адсоткаў. „Гэта не строгая лічба, якая павінна быць выкананая, гэта толькі экспертная ацэнка”, – зазначае Леанід Злотнікаў.

Нацбанк вельмі спадзяецца на крэдыты і прагназуе, што налета ўтрымае курс рубля на адзнацы 8500 рублёў за долар. Міністэрства эканомікі прагназуе курс ад 9700 рублёў да 22 000 рублёў”. Гэта не прагноз, гэта папярэджванне іншым міністэрствам і Адміністрацыі прэзідэнта, што калі яны будуць патрабаваць высокіх тэмпаў росту і такіх інвестыцыяў, атрымаецца гэта”, – заяўляе эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў