Беларусь гатовая вылучыць для ўдзелу ў АДКБ міратворчую роту


Як паведаміў статс-сакратар – памочнік міністра абароны ў пытаннях вайсковай палітыкі генерал-маёр Аляксандр Анісімаў – Беларусь гатовая выконваць міратворчыя функцыі ў фармаце ААН-АДКБ. Паводле яго, ужо вызначаныя сілы дзяржаваў АДКБ, якія могуць удзельнічаць у місіях пад эгідай ААН, распрацоўваецца нарматыўная база, якая вызначае парадак рыхтавання, удзелу, забеспячэння сумяшчальнасці падраздзяленняў.

Беларусь гатовая са складу свайго войска вылучыць для ўдзелу ў захадах АДКБ дзеля падтрымання міру роту 120-й асобнай механізаванай брыгады, трох назіральнікаў і трох штабных афіцэраў. “Акрамя таго, пэўныя сілы і сродкі вылучыла Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства надзвычайных сітуацыяў”, – сказаў Анісімаў.

Цяпер у Міністэрстве абароны Беларусі ідзе рыхтаванне вайскоўцаў да планавай ратацыі спецыялістаў у складзе часовых сілаў ААН у Ліване. У Накуры перабываюць тры прадстаўнікі Беларусі: два вайсковыя медыкі і афіцэр штабу місіі. Прадстаўнікоў ўзброеных сілаў Беларусі накіравалі ў Ліван у адпаведнасці з указам прэзідэнта № 400 ад 2 жніўня 2010 года. Тэрмін камандзіравання – адзін год. 9 жніўня 2011 года быў падпісаны Мемарандум аб паразуменні паміж ААН і Рэспублікай Беларусь, якая вылучае рэсурсы для часовых сілаў ААН у Ліване.

Аляксандр Анісімаў таксама сказаў, што Міністэрства абароны і МЗС правялі кансультацыі з прадстаўнікамі краінаў-донараў (Вялікабрытанія, Вугоршчына, Славаччына) пра магчымы ўдзел беларускіх спецыялістаў у місіі ААН на Кіпры. “Яны гатовыя спрыяць таму, каб Беларусь стала ўдзельнікам місіі, але пакуль пэўных прапановаў не паступала”, – сказаў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў