Бяздомны з Бухарэсту стаў зоркаю сучаснага мастацтва


Румынец Ён Барлядэану (Ion Barladeanu) выстаўляе свае творы па ўсёй Еўропе. Аднак хто б мог падумаць, што ўсяго тры гады таму Барлядэану не меў даху над галавой, жыў на вуліцах Бухарэсту і рабіў калажы са старых часопісаў і газетаў, якія ўжо цяпер сталі сусветна вядомыя.

“Гэта Тудар Геарге (Tudor Gheorghe), а гэта Гілары Клінтан. Можна сказаць, яны ідэальна пасуюць адзін да аднаго, як муж і жонка. Я дашлю гэтую працу ў Амерыку”, – кажа Ён Барлядэану, паказваючы свае нарыхтоўкі.

Талент Ёна Барлядэану адкрыў Дан Папэску (Dan Popescu), уладальнік мастацкай галерэі. “Калажы – як фільмы, фільмы ў асобнай рамцы. У іх ёсць кінематаграфічны аспект, нават калі яны падаюцца сюрэалістычнымі. У іх ёсць гісторыя, – кажа ён. – Людзі ідэнтыфікуюцца з ягонымі творамі. Тут ўсё аб паўсядзённых радасцях – жанчынах, цыгарэтах, алкаголі, свабодзе. І ў іх заўсёды ёсць самалёты”.

Шматлікія працы мастак выканаў у часы дыктатарскага рэжыму Чаўшэску. Ён Барлядэану неаднаразова рабіў камічныя калажы, дзе выяўляў палітыка то побач з Ёдам з “Зорных войнаў”, то насупраць жабы Керміт з “Мапэд-шоу”, то ў атачэнні голых афрыканскіх жанчын, то каля карліка Чаўшэску – жудаснай копіі тырану. Цяпер ягоныя працы выстаўленыя ў самых прэстыжных мастацкіх галерэях, побач з шэдэўрамі Эндзі Ўоргала (Andy Warhol) і Марсэля Дзюшана (Marcel Duchamp). Цана кожнай працы – больш за 1000 еўраў.

belsat.eu

Стужка навінаў