Бізнесоўцам прапануюць маркіраваць тавары


Міністэрства падаткаў і збораў прапаноўвае ўвесці новую сістэму ўліку.

Новаўвядзенне дазволіць кантраляваць таварныя і фінансавыя плыні пры звароце тавараў. У прэсавай службе патлумачылі, што ўдзельнікамі праграмы будуць бізнесоўцы, якія займаюцца вытворчасцю, імпартам, гуртавым і раздробным гандлем.

«У створанай сістэме ў рэжыме рэальнага часу будуць рэгістравацца ўсе ключавыя аперацыі, што выконваюцца пры звароце тавараў, у тым ліку іх вытворчасць, імпарт, атрыманне, адгрузка. Кожны від тавару будзе мець унікальны ідэнтыфікацыйны код. Для ідэнтыфікацыі лагістычных і транспартных адзінак будуць выкарыстоўвацца лагістычныя этыкеткі, якія змяшчаюць штрыхавыя коды і радыёчастотную ідэнтыфікацыю», – кажа прэсавы сакратар міністэрства Сяргей Шкут.

Новаўвядзенне будзе рэалізоўвацца на добраахвотнай аснове, але за грошы саміх бізнесоўцаў. Каб зацікавіць іх, Міністэрства падаткаў і збораў прыводзіць некалькі станоўчых прыкладаў: сістэма дазволіць знізіць транспартна-лагістычныя выдаткі, аптымізаваць схему ўнутранага таваразвароту, знізіць страты і крадзяжы. Экспарт тавараў будзе арганізаваны ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Эканаміст Ірына Урбан звяртае ўвагу на тое, што такая сістэма даволі шырока ўжываецца ў міжнароднай практыцы, і там станоўчы эфект перавышае выдаткі на яе выкарыстанне. «Напрыклад, такія сістэмы кантролю рэалізуюцца буйнымі арганізацыямі самастойна для абароны брэндавай дарагой прадукцыі: парфумы, алкаголю, адзення, абутку, а таксама для абароны прадукцыі, прымяненне якой звязана з павышанаю рызыкаю. Дзее гэтая сістэма і для кантролю за вытворчасцю і абаротам лекавых сродкаў у мэтах абароны ад фальсіфікацыі. У шмат якіх краінах гіпермаркеты, універсамы скарачаюць свае выдаткі перш за ўсё на ахову тавару менавіта за кошт укаранення сістэмаў ідэнтыфікацыі», – кажа эксперт. У Беларусі некаторыя прадпрыемствы ўжо працуюць паводле гэтай сістэмы. Плануецца, што іх колькасць павялічыцца.

belsat.eu

Стужка навінаў