У абыход Беларусі: запусцілі «Паўночную плынь»


«Газпром» абяцае, што гэта не скароціць транзіт газу праз нашую краіну.

Нягледзячы на запуск газаправоду «Паўночная плынь» («Nord Stream»), «Газпром» не будзе скарачаць транзіту газу праз Беларусь, паведаміў намеснік старшыні праўлення кампаніі «Газпром» Аляксандр Мядзведзеў 8 лістапада ў нямецкім Любміне на цырымоніі ўводу газаправоду ў эксплуатацыю.

«Скарачэння аб’ёмаў транзіту па беларускім участку не будзе, дакладныя суадносіны транзіту новага і старога газу па «Паўночнай плыні» я змагу вам сказаць да канца 2012 года», – заявіў Мядзведзеў, як паведамляе РІА «Новости». Ён дадаў, што «Газпром» не плануе скарачаць аб’ём транзіту па газаправодзе Ямал–Еўропа.

Новы газаправод праходзіць праз акваторыю Балтыйскага мора ад бухты Партовая (раён Выбаргу) да ўзбярэжжа Нямеччыны (раён Грайфсвальду). Працягласць газаправоду складае больш за 1,2 тыс. км, агульная прапускная здольнасць – 55 млрд кубаметраў.

Газаправод Ямал–Еўропа агульнаю працягласцю 2 тыс. км і магутнасцю 32,9 млрд кубаметраў газу на год праходзіць па тэрыторыі Расеі, Беларусі, Польшчы і Нямеччыны. Працягласць расейскага ўчастку складае 402 км, беларускага – 575 км, польскага – 683 км.

Урачыстая цырымонія запуску прайшла з удзелам канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева.

6 верасня, падчас цырымоніі запуску першай ніткі «Паўночнай плыні» (магутнасцю 27,5 млрд кубаметраў на год) у тэставым рэжыме, прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін падкрэсліў: «Мы паступова, спакойна, без усялякіх рыўкоў, сыходзім ад дыктату транзітных дзяржаваў. Вось гэта і ёсць «акно ў Еўропу» ў энергетыцы».

belsat.eu

Стужка навінаў