Сяргей Міхалок: Я доўга не мог падступіцца да гэтага вершу


Песня “Не быць скотам” стала першаю ластаўкаю з будучага альбому “Ляпіса Трубяцкога”, які выйдзе ў 2012 г.

Гэта першы сінгл з будучага альбому “Ляпісаў” і першая песня ў гісторыі гурта, напісаная яго лідарам Сяргеем Міхалком на вершы іншага аўтара – беларускага класіка Янкі Купалы – паведамляе сайт “Беларускі Партызан”.

Верш Купалы пад назваю “Хто ты гэткi?” (1908) пачаў гучаць на канцэртах “Ляпісаў” з сярэдзіны 2010 г. Гэтыя шаснаццаць радкоў, складзеныя з васьмі пытанняў і васьмі адказаў, Сяргей Міхалок чытаў сярод іншых сваіх любімых вершаў у перапынках паміж песнямі. А ў верасні 2011 г., на канцэрце ў Санкт-Пецярбургу, “Ляпіс Трубяцкой” упершыню выканаў песню “Не быць скотам”, напісаную на той самы верш Купалы.

“Я доўга не мог падступіцца да гэтага вершу, бо тут у некалькіх радках закладзены эпас і гісторыя цэлага народу, – распавядае Сяргей Міхалок. – Мяне ўразіла, што вершы, напісаныя шмат гадоў таму і якія былі ў той час надзённыя і засяроджваліся на рэальным жыцці, і сёння гучаць вельмі актуальна. Забаўна, што Купала можа падказаць усім беларусам, што рабіць і як жыць тут і цяпер: прычым лепш за любыя прамовы сучасных палітыкаў”.

Як і папярэднія чатыры кружэлкі гурта, гэтая песня была запісаная ў Кіеве, і там жа “Ляпісы” знялі на яе відэакліп. Рэжысёрам роліка стаў Аляксандр Стэколэнка, які да гэтага зняў кліпы “Ляпіса Трубяцкога” “Я веру” (непальская версія) і “Прынцэса”.

У новым відэа музыкі гурта паўстаюць у вобразе людзей працы пачатку ХХ ст.: рабочых, сялянаў, інтэлігентаў-разначынцаў, якія ў фінале хорам скандуюць: “Не быць быдлу!”. “Я свядома змяніў назву песні, – тлумачыць Сяргей Міхалок. – У нас яна называецца “Не быць скотам”, а не “Хто ты гэткi?”, як арыгінальны верш Янкі Купалы. Бо для мяне цяпер “не быць скотам” – гэта значыць, не быць нямою скацінаю, жуйнаю жывёлінаю, абыякавым да ўсяго, што дзеецца вакол і задаволеным змесцівам сваёй кармушкі. Гэта наагул галоўны дэвіз. Я нават сабе татуіроўку зрабіў з гэтаю фразаю”.

Стужка навінаў