Трэнера-бітуна пакаралі


Спартова-дысцыплінарны камітэт Кантынентальнай хакейнай лігі падчас надзвычайнага паседжання наклаў штрафныя санкцыі на датычных да інцыдэнту ў канцы матчу “Дынама” (Менск) – “Віцязь” (Чэхаў), які прайшоў напярэдадні ды завяршыўся перамогаю гаспадароў з лікам 3:2.

За 62 секунды да канца трэцяга перыяду пры ліку 2:2 быў выдалены гулец гасцей Георгій Белавусаў. Незадоўга да гэтага суддзі не ўгледзелі парушэння з боку дынамаўскага абаронцы Ерэ Каралахці. За 44 секунды да сірэны капітан гаспадароў Яраслаў Обшут закінуў трэцюю шайбу, рэалізаваўшы большасць. За 15 секунд да заканчэння асноўнага часу абаронца “Віцязя” Аляксандр Сазонаў пачаў збіваць форварда “Дынама” Тээму Лайнэ. Заўзятары сталі кідаць пластыкавыя бутэлькі, запальніцы ды іншыя прадметы на лёд і лаўку запасных чэхаўскай каманды. Гэта суправаджалася зневажальнымі выказваннямі на адрас “Віцязя”.

Сазонаў атрымаў 2+5+20 хвілін штрафнога часу, гульня аднавілася, але праз восем секундаў была спыненая зноў: дынамаўскага абаронцу Уладзіміра Дзянісава пачаў збіваць форвард супернікаў Крыстафэр Брэнан. Заўзятары зноў пачалі кідаць на лёд і лаўку “Віцязя” пабочныя прадметы. Траўму атрымаў галоўны трэнер каманды з Чэхава Андрэй Назараў. Ён узяў клюшку і цераз шкляную агароджу паспрабаваў дастаць дынамаўскіх фанатаў. У гэтым яму дапамагаў нападнік Міхаіл Анісін. Відэакамеры зафіксавалі таксама непрыстойныя жэсты Назарава, які атрымаў матч-штраф.

“Не адзін раз у гісторыі КХЛ з “Віцязем” былі падобныя выпадкі – можна згадаць матч з “Авангардам”, які распачаўся масаваю бойкаю, – гаворыць спартовы аглядальнік Сяргей Аляхновіч. – У іх такі стыль гульні. Андрэй Назараў, калі гуляў у НХЛ, – ён лічыўся таксама “тафгаем” – бітуном. У яго было 30–40 боек за сезон. Няма нічога дзіўнага, што “Віцязь” гуляе ў такі хакей”.

Судзейства матчу прызналі нездавальняючым. Спартова-дысцыплінарны камітэт Кантынентальнай хакейнай лігі “са шкадаваннем канстатуе”, што здарэнне ў канцы матчу “застаецца ў наўпроставай прычынна-выніковай сувязі з памылкамі, што дапусцілі арбітры”. “І галоўныя арбітры сустрэчы, і лінейныя суддзі, якія працавалі на матчы, панясуць дысцыплінарныя пакаранні ды адпаведныя фінансавыя страты”, – зазначаецца ў паведамленні. Таксама аштрафаваны і дыскваліфікаваны на два матчы трэнер “Віцязя” Андрэй Назараў.

belsat.eu

Стужка навінаў