7 лістапада ў Кіеве


Сотні камуністаў ды іх маладых паслядоўнікаў 7 лістапада прайшлі цэнтральнымі вуліцамі ўкраінскай сталіцы ў 94-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Не абышлося без інцыдэнтаў.

Марш спрабавалі спыніць некалькі дзясяткаў сябраў нацыяналістычнай арганізацыі «Свабода». Калі калона камуністаў падышла да майдану Незалежнасці, іх ужо чакалі ультранацыяналісты, якія выступаюць супраць прысутнасці савецкай або расейскай спадчыны ў краіне. Ім удалося вырваць тры чырвоныя сцягі з рук удзельнікаў мітынгу. Пачалася драка, прыпыненая міліцыяй. У ходзе сутыкнення тры сябры «Свабоды» былі арыштаваныя.

Перад гэтым камуністы ўсклалі кветкі да помніка Уладзіміру Леніну. Удзельнікі шэсця кажуць, што Украіна мусіць быць удзячная камуністычнаму рэжыму, без якога не адбылося б прамысловага развіцця.

«Чым была Украіна? Лапатнаю, непісьменнаю, аграрнаю краінаю. За гады савецкай улады яна сталася магутнай індустрыяльнаю дзяржаваю. Гэта дзякуючы рэвалюцыі ды савецкай уладзе. Супраць гэтага факту можа пайсці толькі апошні дурань», – упэўнены ўдзельнік шэсця Віген Макянц.

Маладыя і старыя неслі чырвоныя сцягі і плакаты з надпісамі «Няхай жыве Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя!», а таксама вялізарныя партрэты камуністычных лідараў: Уладзіміра Леніна і Іосіфа Сталіна. Маладыя камуністы заявілі, што прагнуць новай рэвалюцыі ў сваёй краіне. «Я хачу падтрымаць памяць. Спадзяюся, што будзе яшчэ адна рэвалюцыя ў наш час. Навошта? Каб людзям добра жылося, каб яны не прагіналіся пад капіталістамі, каб усе былі роўныя ў сваіх правах і магчымасцях», – кажа ўдзельніца шэсця Віталіна.

Раней кіеўскі гарадскі суд забараніў правядзенне масавых акцыяў у сталіцы 7 лістапада. За парушэнне гэтай забароны арганізатарам шэсця пагражае адміністратыўнае пакаранне.

belsat.eu

Стужка навінаў