Расце напружанасць у Паўднёвай Асетыі


Рэспубліка рыхтуецца да сваіх першых пасля расейска-грузінскага канфлікту прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць 13 лістапада. На пост кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць 17 чалавек.

Апазіцыя ўпэўненая ў парушэннях пры рэгістрацыі кандыдатаў.

«Паўднёвая Асетыя на сённяшні дзень – гэта аўгіевы канюшні. Патрэбныя Гераклы, каб іх вычысціць. Ці Геракл я? Такая немаладая жанчына і бяру на сябе такі вялікі абавязак. Рэч у тым, што ў ходзе перадвыбарнай гонкі, на мой погляд, былі знятыя моцныя кандыдаты», – упэўненая кандыдатка на прэзідэнцтва Ала Джыоева.

Яе кандыдатуру падтрымлівае апазіцыйны лідар Джамбалат Тэдзееў, якому адмовілі ў рэгістрацыі з прычыны недастатковага часу знаходжання ў рэспубліцы, каб браць удзел у выбарах.

Паводле Тэдзеева, у перыяд з 15 верасня па 9 кастрычніка праваахоўчымі органамі было затрымана 187 ягоных прыхільнікаў. Большасць з іх былі арыштаваныя падчас спробы сілаю пранікнуць у дом кіраўніцтва, дзе знаходзіцца мясцовы Цэнтральны Выбарчы Камітэт.

У сваю чаргу дзейны прэзідэнт Паўднёвай Асетыі Эдуард Какойты заяўляе аб празрыстасці будучых выбараў і распавядае пра спадзяваны курс дзяржавы: «Якім бы ні быў чалавек, якім вялікім аўтарытэтам ён бы ні карыстаўся, якіх палітычных дасягненняў ён бы ні меў, не мае права змяняць курс, вызначаны народам рэспублікі Паўднёвай Асетыі. Курс на інтэграцыю з Расеяй, на большую шчыльнасць сувязяў з Расеяй – гэта святы курс».

Сам прэзідэнт падтрымлівае кандыдатуру Анатоля Бібілава, міністра надзвычайных сітуацыяў, спадзеючыся такім чынам захаваць уплыў на палітыку дзяржавы.

«Як асоба ваенная, я прызвычаены да парадку. І я гэты парадак павінен зрабіць і зраблю, бо ёсць загад, ёсць кантроль, ёсць выніковы даклад пра выкананне гэтага загаду. Калі гэта будзе – будзе асетынскі прарыў і будзе адзінства, парадак і развіццё», – абяцае Бібілаў. Паводле звестак сацыяльных апытанняў, ён мае найбольш шанцаў на перамогу.

Шмат якія жыхары рэспублікі не задаволеныя з такой маштабнай кампаніі. «Шмат чаго абяцаюць, але нічога не робяць. Навошта яны зрабілі гэтыя вялікія плакаты? На гэта ж пайшлі мільёны. Лепш бы дапамаглі дзецям-сіротам. Я карэнная жыхарка, і такіх выбараў у нас яшчэ ніколі не было», – кажа Соня Кабісава з Цхінвалу.

Тбілісі выбары ў Паўднёвай Асетыі не прызнае. Пра гэта заявіла намесніца міністра замежных справаў Грузіі Ніно Каландадзэ. Адною з галоўных інтрыгаў хуткіх выбараў працягвае заставацца падтрыманне Крамля.

belsat.eu

Стужка навінаў