Манаеў: Лукашэнка перамагае за кошт жанчын


Паводле заснавальніка Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) Алега Манаева, на выбарах Аляксандра Лукашэнку найбольш актыўна падтрымліваюць менавіта жанчыны. Пры гэтым такая тэндэнцыя захоўваецца з самага прыходу Лукашэнкі да ўлады. «І калі ўзяць апошнія выбары, паводле апытання НІСЭПД, праведзенага адразу пасля выбараў, сярод тых, хто прагаласаваў за Лукашэнку, жанчыны – амаль 64 %, – гаворыць Алег Манаеў. – Калі ж узяць альтэрнатыву, напрыклад, кандыдатуру Уладзіміра Някляева, то ў яго, наадварот, больш за 60 % мужчыны і менш за 40 % – жанчыны».

Чаму так адбылося? Паводле эксперта, да такой сітуацыі прывёў шэраг прычынаў. Мае значэнне дэмаграфічна-сацыяльная сітуацыя ў краіне. Значная колькасць выбарнікаў – гэта жанчыны, у тым ліку старэйшага ўзросту. Не сакрэт, што прынамсі да крызісу менавіта пенсіянеры лічыліся апораю Лукашэнкі на выбарах: адносную эканамічную стабільнасць ды рэгулярныя выплаты пенсіяў шматлікія выбарнікі сталага ўзросту акрэслівалі як заслугу дзейнага кіраўніка дзяржавы. «Другая прычына – культурна-псіхалагічнага плану. Калі паспрабаваць заняць пункт гледжання сярэднестатыстычнай беларускай жанчыны, а гэта збольшага чалавек ва ўзросце, хутчэй за ўсё жыве ў невялікім горадзе або вёсцы, чымся ў сталіцы або абласным цэнтры, то яна глядзіць: моцны чалавек, мужчына. «Падняў» двух дзяцей. Цяпер – трэцяе дзіця. Перамог усіх – унутры краіны ды звонку», – тлумачыць даследнік сімпатыі беларускіх выбарніц да Аляксандра Лукашэнкі.

Алег Манаеў таксама падкрэслівае важнасць біяграфіі Лукашэнкі: нарадзіўся ў вёсцы, працаваў у калгасе. «Вялікая колькасць жанчын, пра якіх мы кажам, атаясамлівае сябе з Лукашэнкам. Маўляў, мы з ім «з адной лодкі». Можна сабе ўявіць, як такі тыпаж глядзеў год таму на некаторых кандыдатаў. Напрыклад, на Саннікава. Былы міністр замежных справаў, наследнік свайго вядомага дзеда-музыкі. Прасунуты, быў у Нью-Ёрку, Жэневе. Што такая асоба можа з ім агульнага мець? Гэта таксама вельмі важна», – падкрэсліў эксперт.
Аднак сацыёлаг зазначае: было б несправядліва казаць, што за ўладу Лукашэнка трымаецца выключна дзякуючы жанчынам. «Калі моцна ўтрыраваць, падкрэсліваю, вельмі моцна, то можна казаць, што ўладу праз сістэму выбараў Лукашэнка атрымлівае пераважна з рук жанчын, а вось трымае яе і абараняе рукамі мужчынаў, – гаворыць Алег Манаеў. – Калі паглядзець на рэальныя ўладныя структуры – дырэктарат буйных дзяржпрадпрыемстваў, кіраўнікі ведамстваў, урад, не кажучы ўжо пра сілавыя структуры, то там выключна мужчыны. Жанчыны туды трапляюць рэдка і яны адыгрываюць не самую важную ролю».

belsat.eu

Стужка навінаў